§ 6. АНТРАПАГЕННАЕ ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Праблема парніковага эфекту. Зямля знаходзіцца ў стане цеплавой раўнавагі. Сярэднія гадавыя тэмпературы зямной паверхні і атмасферы ў любым пункце Зямлі мала змяняюцца з года ў год. Гэта азначае, што на верхняй мяжы атмасферы сонечная радыяцыя ўраўнаважваецца выпраменьваннем Зямлі. Але не ўсё выпраменьванне Зямлі сыходзіць у касмічную прастору. Значная частка яго паглынаецца вадзяной парай і парніковымі газамі, што знаходзяцца ў атмасферы. У выніку натуральнага парніковага эфекту сярэдняя тэмпература паверхні Зямлі роўная +15 °С, а без парніковага эфекту яна была б –18 °С.

icon Парніковы эфект — нагрэў ніжніх слаёў атмасферы, выкліканы паглынаннем цеплавога выпраменьвання зямной паверхні парніковымі газамі, што змяшчаюцца ў трапасферы.

З’ява натуральнага парніковага эфекту дазваляе падтрымліваць на паверхні Зямлі тэмпературу, пры якой стала магчымым узнікненне і развіццё жыцця. Гэта было абумоўлена натуральнымі зменамі клімату за апошнія некалькі мільёнаў гадоў. Фізічныя працэсы, з-за якіх парніковыя газы могуць павысіць тэмпературу паветра, вядомыя з канца XIX ст. Але да нядаўняга часу антрапагенным парніковым газам надавалася мала значэння. Да канца 70-х гг. ХХ ст. навукоўцы меркавалі, што ў будучыні Зямлю чакае новы ледніковы перыяд. Прычым антрапагенныя выкіды парніковых газаў замарудзяць гэты працэс, але наўрад ці зменяць яго. Але ў канцы XX ст. уплыў чалавека на ход прыродных працэсаў значна ўзрос. Антрапагеннае павелічэнне канцэнтрацыі парніковых газаў прыводзіць да павышэння тэмпературы паверхні Зямлі, змены клімату і негатыўных геаэкалагічных наступстваў (мал. 30).

img
Мал. 30. Уздзеянне парніковага эфекту на прыродныя працэсы і яго геаэкалагічныя наступствы
img
Мал. 31. Доля газаў у парніковым эфекце, %

Да парніковых газаў адносяць дыяксід вугляроду, метан, хлорфторвугляроды (ХФВ), аксід азоту, азон і іншыя газы (мал. 31).

icon

Клуб географаў-знаўцаў. Прыкладна 65 % антрапагенных выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу звязаны са спальваннем выкапнёвага паліва (нафты, газу, вугалю і інш.) і 35 % — з памяншэннем яго паглынання, выкліканага асваеннем новых зямель і масавай высечкай лясоў. Пры гэтым прыкладна 45 % ад агульнай колькасці выкідаў вуглякіслага газу застаецца ў атмасферы, 30 % — паглынаецца акіянам, а астатняя частка засвойваецца біясферай.

icon Папрацуем з атласам. Прааналізуйце з дапамогай карт атласа прасторавае размеркаванне аб’ёмаў выкідаў дыяксіду вугляроду па краінах свету.

Пры сучасным узроўні выкідаў дыяксіду вугляроду канцэнтрацыя яго ў атмасферы будзе пастаянна павялічвацца (мал. 32). Метан іграе заўважную ролю ў парніковым эфекце. Канцэнтрацыя метану ў атмасферы павялічылася прыкладна ўдвая ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам і працягвае расці з хуткасцю каля 0,8 % у год. Доля аксіду азоту ў сумарным парніковым эфекце невялікая. Але яго канцэнтрацыя ў атмасферы таксама павялічваецца. Хлорфторвугляроды — гэта сінтэзаваныя чалавекам рэчывы, якія змяшчаюць хлор, фтор і бром. На дадзены момант вытворчасць ХФВ у свеце кантралюецца міжнароднымі дамовамі па абароне азонавага слоя. У выніку іх канцэнтрацыя ў атмасферы пачала скарачацца. Азон — парніковы газ, які знаходзіцца як у стратасферы, так і ў трапасферы. Але ў параўнанні з іншымі газамі акрэсліць яго ролю ў парніковым эфекце больш складана, бо тэрытарыяльнае размеркаванне гэтага газу вельмі зменлівае.

Павышаны ўзровень П1

img
Мал. 32. Кругаварот дыяксіду вугляроду

icon Клуб географаў-знаўцаў. Калі выкіды парніковых газаў будуць расці гэтак жа, як і цяпер, то да 2030 г. глабальная тэмпература можа павысіцца на 1 °С, а да канца стагоддзя — на 3 °С.