«Каласы пад сярпом тваім»
Гістарычная аснова рамана
Як вядома, у сям’і У. Караткевіча зберагалася памяць пра родзіча, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863— 1864 гадоў. Сямейнае паданне было пацверджана архіўнымі дакументамі і стала пралогам у рамане «Нельга забыць». Прадзед У. Караткевіча з боку маці — Тамаш Грыневіч — камандаваў атрадам паўстанцаў і быў расстраляны па загадзе Мураўёва. У архіве захаваўся верш, напісаны Тамашом Грыневічам, які сведчыць пра тое, што ў родзе, з якога выйшаў пісьменнік, здаўна жылі ўменне валодаць родным словам, а таксама жаданне, каб гэта слова гучала на Радзіме без ніякіх перашкод, каб да яго ставіліся з павагай.
У інтэрв’ю, якое даў У. Караткевіч вядомаму даследчыку беларускай літаратуры А. Мальдзісу ў 1967 годзе, пісьменнік прызнаваўся: «Задума [напісаць раман “Каласы пад сярпом тваім”] з’явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта. Замест таго, каб хадзіць на лекцыі, — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за вашу і нашу свабоду. А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць».
Доўгі час сапраўдная гісторыя гэтага паўстання замоўчвалася. Караткевіч стаў першым з беларускіх пісьменнікаў, хто паспрабаваў сказаць праўду пра яго.
У другой палове ХХ стагоддзя мастак слова стаў заснавальнікам гістарычнай прозы ў нацыянальным слоўным мастацтве, бо быў перакананы, што «без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць, непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім».
Грамадзянская пазіцыя У. Караткевіча ўвасоблена ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», над якім аўтар працаваў на працягу 1962—1964 гадоў. Шлях твора да чытача быў няпросты. Афіцыйная крытыка папракала пісьменніка ў тым, што галоўным героем свайго твора ён зрабіў арыстакрата, а не селяніна. Раман У. Караткевіча дазваляў чытачам зразумець прычыны паўстання 1863 года, яго нацыянальна-вызваленчы характар, знаёміў з прадстаўнікамі розных сацыяльных слаёў, палітычных сіл, якія прымалі ўдзел у барацьбе. Лепшыя сыны і дочкі ў каторы раз не шкадавалі свайго жыцця, каб вярнуць народу права быць самім сабой. «У гэтым паўстанні, — сцвярджаў пісьменнік, — галоўнае месца належала шляхце, але К. Каліноўскі вельмі хацеў і шмат рабіў для таго, каб плячо ў плячо з шляхціцам стаў і беларускі селянін. Дзеля гэтага ён і выпускаў “Мужыцкую праўду”».
Караткевіч пераканаўча паказваў, што паміж лепшымі, нацыянальна свядомымі прадстаўнікамі шляхты, такімі як Загорскія, Раўбічы і іншыя, і сялянамі не было прорвы. У многім інтарэсы і памкненні беларускага дваранства і сялян супадалі. Пісьменнік хацеў сказаць чытачу, што паўстанне 1863 года было выступленнем за волю і долю, за вяртанне беларусаў да гістарычнага жыцця ў свеце, прызнанне іх як аднаго са славянскіх народаў, за плячыма якога вельмі багатая гісторыя. Гэта была барацьба за права быць роўнымі сярод роўных.
Падаўленне паўстання запаволіла гэты працэс, але мару пра нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне нельга было вынішчыць з сэрцаў патрыётаў. Для многіх з іх асоба К. Каліноўскага стала знакавай, у тым ліку і для У. Караткевіча. Па ўспамінах А. Мальдзіса, галоўнае месца на пісьмовым стале аўтара «Каласоў...» займаў наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт К. Каліноўскага, поруч з ім каваны ў жалезе свяцільнік, у якім, нібы агромністая кропля крыві, чырванеў пафарбаваны воск. Гаспадар запальваў свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці выдаўца «Мужыцкай праўды».
Раман «Каласы пад сярпом тваім» ствараўся праз стагоддзе пасля паўстання 1863 года. У 1965 годзе ён быў надрукаваны на старонках часопіса «Полымя». Твор быў неадназначна ўспрыняты тагачаснай крытыкай. Рэцэнзент М. Гарбачоў лічыў, што «аўтар захапіўся апісаннем жыцця шляхецтва, ён стварае ідылічныя малюнкі баляў і прыёмаў, піша пра шыкоўныя асабнякі і карцінныя галерэі... Усё гэта зніжае напал і складанасць змагання народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Алесь Загорскі і малады Кастусь Каліноўскі разам са сваімі сябрамі, студэнтамі гутараць і спрачаюцца пераважна пра беларускую культуру і родную мову, пра адукацыю і інтэлігенцыю».
Поруч са станоўчай рэцэнзіяй А. Мальдзіса з’явіўся крытычны артыкул Я. Герцовіча, які паставіў пад пагрозу выхад рамана асобнай кнігай. І хоць раман «Каласы...» афіцыйна не быў забаронены, аднак самастойным выданнем чытачы ўбачылі твор толькі праз тры гады.
Наватарства празаіка выявілася ў праўдзівым узнаўленні духу таго часу, новым поглядзе на ролю шляхты і сялян у паўстанні 1863— 1864 гадоў. Ключом для разгадкі звышзадачы, якую ставіў пісьменнік, калі ствараў раман, можа быць наступнае аўтарскае прызнанне: «На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь, да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?»
У рамане адлюстраваны перыяд з 1850 па 1861 год (у канцы рамана Алесь Загорскі спрабуе аслабіць наступствы стыхійнага бунту сялян, які ўзнік пасля знаёмства прыгонных з царскім Маніфестам 1861 года). У 50—60-я гады ХІХ стагоддзя ў вызваленчым руху дваранскія рэвалюцыянеры саступалі месца рэвалюцыйным дэмакратам — выразнікам інтарэсаў сялян. Магчыма, вобраз грушы сімвалізуе ў творы магутнае шляхецкае саслоўе, якому пасля падаўлення царскім урадам паўстання 1863 года наканавана было знікнуць з гістарычнай арэны. Аднак пісьменнік не абмяжоўваўся паказам падзей сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Праз увядзенне ў твор хронікі роду Загорскіх, вобраза Чорнага Войны, легенд і паданняў пісьменнік дае магчымасць чытачу адчуць прычынна-выніковыя сувязі ў гістарычным працэсе, выхоўвае паважлівыя адносіны да нашых продкаў.
У рамане дзейнічаюць гістарычныя асобы: паўстанцы Кастусь і Віктар Каліноўскія, Зыгмунд Серакоўскі, Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш. Іх вобразы створаны з дакументальнай праўдзівасцю. Сярод канкрэтна-гістарычных асоб адметнае месца належыць К. Каліноўскаму. Апісанне знешнасці кіраўніка будучага паўстання падаецца ў творы праз успрыманне Алеся Загорскага, які ўпершыню ўбачыў Кастуся на свіслацкім кірмашы: «Хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя». У рамане У. Караткевіч завастрыў увагу на спрэчных момантах з біяграфіі К. Каліноўскага, расказаў пра яго канфесійную і нацыянальную прыналежнасць. Вобраз кіраўніка паўстання рамантызуецца пісьменнікам, К. Каліноўскі паказаны ў творы сантыментальным і ўзнёсла-прыгожым. Аўтар імкнуўся выклікаць у чытача сімпатыю да свайго любімага героя, хоць яго знаёмства з архіўнымі матэрыяламі аб паўстанні 1863 года сведчыла пра тое, што кіраўнік паўстання быў даволі жорсткім чалавекам, «функцыянерам, заціснутым самадысцыплінай». У драме «Кастусь Каліноўскі», рамане «Каласы пад сярпом тваім», вершаваных творах пісьменнік паэтызаваў героя і сцярджаў, што ён «варты лепшага ў свеце кахання».
Гартуючы свае душы для змагання за праўду і справядлівасць, Алесь Загорскі, Кастусь і Віктар Каліноўскія добра ўсведамляюць, што адной зброі недастаткова, каб вярнуць свайму народу самапавагу і павагу іншых народаў. І вечарына ў Адама Кіркора, і сутычка пасля яе ў гімназіі, і спрэчка Алеся і Віктара з Ямантам сведчаць пра тое, што юнакі перакананы: месца народа сярод іншых супольнасцей вызначаецца ўкладам кожнай асобнай нацыі ў скарбонку агульначалавечых каштоўнасцей, куды ўваходзіць зробленае ў галіне мастацтва, літаратуры, навукі. Невыпадкова ў рамане дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, якія ахвярна служылі свайму народу. Гэта В. Дунін-Марцінкевіч і яго дачка Каміла, Ф. Багушэвіч, С. Манюшка, В. Каратынскі і іншыя, якія шмат зрабілі для таго, каб голас беларусаў загучаў у свеце.