§ 25. Будова, разнастайнасць і класiфiкацыя вірусаў
У 1892 г. расійскі вучоны Д. І. Іваноўскі ўпершыню апісаў заразныя ўласцівасці вадкасці, атрыманай з расцёртых лістоў тытуню, пашкоджанага мазаічнай хваробай (мал. 25.1). Гэта вадкасць захоўвала здольнасць выклікаць захворванне нават пасля таго, як была прапушчана праз спецыяльны фільтр, які затрымлівае бактэрыяльныя клеткі. Гэты факт паслужыў першым указаннем на тое, што існуюць узбуджальнікі хвароб, якія маюць меншыя памеры, чым у бактэрый.
У 1898 г. дачыненне агентаў, якія фільтруюцца, да развіцця захворванняў не толькі раслін, але і жывёл было пацверджана другімі вучонымі. Для назвы такіх не бачных у светлавыя мікраскопы ўзбуджальнікаў сталі ўжываць слова «вірус», што ў перакладзе з лацінскага азначае «яд».
*У 1898 г. нямецкія вучоныя Ф. Лефлер і П. Фрош даказалі дачыненне ўзбуджальніка, які фільтруецца, да развіцця яшчуру буйной рагатай жывёлы.* У першай чвэрці XX ст. падобныя звесткі былі атрыманы для такіх захворванняў чалавека і жывёл, як шаленства, поліяміэліт, грып і інш.
У 1915–1917 гг. *англійскі бактэрыёлаг Ф. Туорт і канадскі мікрабіёлаг Ф. д’Эрэль незалежна адзін ад аднаго адкрылі вірусы, здольныя знішчаць бактэрыі. *Ф. д’Эрэль даў ім назву бактэрыяфагі, * гэта значыць «паглынальнікі бактэрый». Гэта назва не выпадковая:* калі ў прабірку з адчувальнымі да гэтага віруса бактэрыямі ўнесці некалькі сотняў бактэрыяфагаў, праз колькі гадзін амаль усе бактэрыі загінуць. Вывучэнне такога дзеяння вірусаў прывяло да адкрыцця характэрнага для іх спосабу размнажэння.
*Складанасці ў вывучэнні вірусаў заключаліся не толькі ў іх вельмі малых памерах. Высветлілася, што вірусы немагчыма размнажаць на пажыўных асяроддзях, як іншыя мікраарганізмы. Атрымаць матэрыял для даследавання можна было выключна з арганізмаў, заражаных тым ці іншым вірусам. Таму для вывучэння вірусаў чалавека давялося распрацаваць асаблівыя спосабы культывавання. Іх размнажаюць шляхам заражэння эмбрыёнаў з курыных яек ці культур клетак млекакормячых, якія падтрымліваюцца на пажыўных асяроддзях.*
Будова вірусаў. Вірусы ўяўляюць сабой часцінкі памерам ад 10 да 400 нм (мал. 25.2). Форму і структуру вірыёнаў — вірусных часцінак атрымалася вывучыць толькі пасля вынаходства электроннага мікраскопа. Вірыёны некаторых вірусаў нагадваюць палачкі ці ніці. У іншых вірусаў яны маюць выгляд правільных шматграннікаў або блізкія па форме да шара (мал. 25.3).
Асноўнымі кампанентамі віруса з’яўляюцца нуклеінавая кіслата і бялковая абалонка вакол яе — капсід (рис. 25.4). *У залежнасці ад віду вірусаў капсіды могуць складацца з аднаго ці некалькіх тыпаў бялковых малекул — капсамераў. Размяшчэнне гэтых малекул строга ўпарадкавана, што вызначае форму і тып сіметрыі капсіда. Капсамеры многіх вірусаў знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні не толькі адзін з адным, але і са змешчанымі ўнутры капсіда малекуламі нуклеінавай кіслаты.* У адных вірусаў унутры капсіда знаходзіцца ДНК, у другіх — РНК. Гэта геном (генетычны апарат) віруса. У залежнасці ад тыпу нуклеінавай кіслаты вірусы падзяляюць на ДНК-змяшчальныя і РНК-змяшчальныя. Пры гэтым малекулы ДНК (або РНК) у розных відаў вірусаў могуць быць адналанцуговымі ці двухланцуговымі. Колькасць малекул нуклеінавых кіслот у саставе геному вірусаў вар’іруе ад адной да некалькіх.
.
Вірыёны, якія прадстаўлены толькі генетычным апаратам і капсідам, называюць простымі. У складаных вірыёнаў над капсідам ёсць суперкапсід — абалонка з ліпідаў і бялкоў (гл. мал. 25.4).
*Гэтыя раней нябачныя ўзбуджальнікі ў большасці выпадкаў атрымлівалі назву па выклікаемай імі хваробе: вірус тытунёвай мазаікі, вірус мазаікі каровінага гароху, вірус яшчуру буйной рагатай жывёлы, вірус гепатыту, вірус грыпу, вірус герпесу і г. д. Але пасля таго як вірусы атрымалася разгледзець, іх форма і будова былі адлюстраваны ў назве іх сямействаў. Напрыклад, каранавірусы атрымалі назву з прычыны асаблівых выступаў на іх паверхні, што нагадаюць зубцы кароны; каліцывіусы названы так з прычыны чашападобнай формы (ад лац. calix — чаша), тогавірусы — ад лац. toga — мантыя, плашч.*
Некаторыя вірусы маюць вірыёны, якія складаюцца з галоўкі ў форме шматгранніка і стрыжнепадобнага адростка. Такая будова характэрна для некаторых вірусаў бактэрый — бактэрыяфагаў (мал. 25.5).