Абагульненне па раздзеле «Духоўная сфера грамадства»
1. Дайце азначэнні наступным паняццям: адукацыя, верацярпімасць, канфесія, навука, рэлігія, свабода сумлення, тэорыя, філасофія, эмпірыя, этыка.
2. Падрыхтуйце візуальную азбуку «Духоўная сфера грамадства ад А да Я», уключыўшы ў яе асноўныя паняцці і персаналіі з раздзела навучальнага дапаможніка. Стварыце мультымедыйную прэзентацыю, якая павінна ўтрымліваць слайды ў алфавітным парадку. На кожным слайдзе размясціце візуальны матэрыял па тым паняцці, якое вы хочаце праілюстраваць.
3. Перыяд з 1715 па 1770-я гг., калі ў Францыі правіў кароль Людовік XV, атрымаў назву «Галантны век». Для яго было характэрна актыўнае развіццё моды і забаў, заўсёдныя балі, канцэрты і маскарады для прыдворных арыстакратаў. Галантным лічыўся выключна ветлівы, далікатны, выхаваны чалавек з вытанчанымі манерамі, маўленнем і касцюмам, чалавек, які цікавіўся навукамі і мастацтвам. Таксама гэты перыяд характарызуе вядомая фраза «Пасля нас хоць патоп», сказаная маркізай дэ Пампадур пры атрыманні каралём Людовікам XV весткі пра паражэнне войскаў у адной з бітваў Сямігадовай вайны (1756−1763). Сёння даследчыкі задаюцца пытаннем, што было прычынай імкнення арыстакратаў да заўсёднага свята і нежадання несці адказнасць за свае ўчынкі. Як можна назваць гэту псіхалагічную асаблівасць чалавека «Галантнага веку»? Як вы разумееце прынцып «Пасля нас хоць патоп»? Ці можна сцвярджаць, што прынцып «Пасля нас хоць патоп» і сёння характэрны для сучаснага грамадства? Абгрунтуйце сваю думку.
4. Выявіце агульнае і рознае паміж паняццямі «свабода сумлення» і «свабода веравызнання». Вызначце, якое паняцце з’яўляецца больш шырокім.
5. Ахарактарызуйце навуку як пазнавальную дзейнасць, сацыяльны інстытут, фактар вытворчасці. Складзіце і запоўніце табліцу.
6. Як вы лічыце, чаму мастак назваў сваю карціну «Размова з Богам»? Ці можа вучоны быць рэлігійным чалавекам?
7. У чым заключаецца сацыяльна-гістарычная абумоўленасць філасофскіх вучэнняў? Падрыхтуйце паведамленне пра аднаго з філосафаў.
8. Растлумачце, як узаемазвязаны навука, філасофія і рэлігія. Прывядзіце прыклады.
9. Параўнайце адукацыю і навуку як сацыяльныя інстытуты. У чым заключаецца іх падабенства, а ў чым — адрозненне?
Растлумачце ўзаемасувязь адукацыі і навукі ў сучасным грамадстве.
10. Разгледзьце карціну і адкажыце на пытанні.
• Якая рэлігія была характэрна для гістарычнага перыяду, адлюстраванага на карціне?
• Які ўзровень развіцця навуковых ведаў быў характэрны для гістарычнага перыяду, адлюстраванага на карціне?
• Што ў дадзеным выпадку ўключае ў сябе паняцце «школа»?
• Якім чынам праз дадзеную фрэску можна прасачыць узаемасувязі паміж мараллю, рэлігіяй, навукай, мастацтвам, філасофіяй, адукацыяй?
11. Складзіце і запоўніце табліцу па ключавых пытаннях па вывучаных тэмах раздзела «Духоўная сфера грамадства». Прапануйце ўласныя ключавыя пытанні.