*§ 19-1. Мараль
Рэлігійныя маральныя кодэксы. Маральныя нормы пачалі афармляцца з узнікненнем самога чалавечага грамадства. Яны ўтрымліваюцца ў самых разнастайных рэлігійных кодэксах, якія са старажытнасці існуюць у розных народаў. Пры адрозненнях рэлігійных асноў гэтых кодэксаў у іх відавочна прасочваюцца тыя нормы, якія з’яўляюцца агульнымі ў розных народаў. Паспрабуем параўнаць дадзеныя нормы.
Пяць свяшчэнных запаведзяў будызму
1. Я прымаю правіла вучэння ўстрымлівацца ад забойства жывых істот.
2. Я прымаю правіла вучэння ўстрымлівацца ад узяцця таго, што мне не было дадзена.
3. Я прымаю правіла вучэння ўстрымлівацца ад пралюбадзейства.
4. Я прымаю правіла вучэння ўстрымлівацца ад непраўдзівых слоў.
5. Я прымаю правіла вучэння ўстрымлівацца ад напояў і сродкаў, якія затуманьваюць свядомасць.
Дзесяць запаведзяў хрысціянства
1. Я Гасподзь, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому рабства, дык не будзе ў цябе іншых багоў перад тварам Маім.
2. Не рабі сабе куміра і ніякага адлюстравання таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй за зямлю. Не пакланяйся ім і не служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог-апякун, які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага роду, што ненавідзяць Мяне, і робіць ласку да тысячы родаў тым, хто любіць Мяне і выконвае запаведзі Мае.
3. Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо Гасподзь не пакіне без пакарання таго, хто вымаўляе імя Яго марна.
4. Памятай дзень суботні, каб свяціць яго. Шэсць дзён працуй і рабі ўсялякія справы твае; а дзень сёмы — субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты дзень ніякай справы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні жывёла твая, ні прышэлец, што ў жытле тваім. Бо за шэсць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх; а ў дзень сёмы адпачыў. Таму блаславіў Гасподзь дзень суботні і асвяціў яго.
5. Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб прадоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
6. Не забівай.
7. Не пралюбадзейнічай.
8. Не крадзі.
9. Не вымаўляй ілжывага сведчання на бліжняга твайго.
10. Не жадай дома бліжняга твайго; не жадай жонкі бліжняга твайго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго, нічога, што ў бліжняга твайго.
Дзесяць правіл даасізму
1. Не забівай, але заўсёды будзь уважлівы да жывых істот.
2. Пазбягай пажаднасці і не дапускай разбэшчанасці ў думках.
3. Не крадзі і не прымай несумленна нажытага.
4. Не падманвай іншых і не блытай дабро са злом.
5. Будзь цвярозы і заўсёды думай пра чысціню ў паводзінах.
6. Будзь у згодзе са сваімі продкамі і не ганьбі свой род.
7. Калі бачыш, што нехта робіць дабро, дапамагай яму з радасцю і задавальненнем.
8. Калі бачыш, што некаму не шанцуе, дапамагай яму з годнасцю дачакацца ўдачы.
9. Калі нехта нашкодзіў табе, не думай пра помсту.
10. Пакуль усе не дасягнуць Даа, не думай, што сам зможаш дасягнуць.