*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці
Палітыка. У сучасным грамадстве паняцце «палітыка» выкарыстоўваецца ў некалькіх асноўных значэннях:
● Палітыка — асаблівая сфера грамадскага жыцця нароўні з эканамічнай, духоўнай і сацыяльнай сферамі. У цэнтры палітычнай сферы жыцця грамадства знаходзяцца адносіны ўлады.
● Палітыка — гэта асаблівая дзейнасць, звязаная з барацьбой за ўладу і аказаннем уплыву на ўладу. Гэта сфера адносін паміж вялікімі сацыяльнымі групамі з нагоды ўсталявання, арганізацыі і змены ўлады ў грамадстве або дзяржаве.
● Палітыка — асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы ці якіх-небудзь іншых палітычных суб’ектаў. У такім значэнні гавораць пра знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы, эканамічную палітыку, сацыяльную і дэмаграфічную палітыку, падатковую палітыку, эканамічную палітыку і да т. п.
Як жа складваліся асноўныя падыходы да палітыкі? Паняцце «палітыка» мае багатую гісторыю. Яно з’явілася ў глыбокай старажытнасці. Вялікі ўклад у развіццё поглядаў на палітыку ўнёс вядомы антычны філосаф Арыстоцель (IV ст. да н. э.).
Палітыка — асаблівая форма грамадскага жыцця, у цэнтры якой знаходзяцця адносіны ўлады; асаблівая дзейнасць, звязаная з барацьбой за ўладу і аказаннем уплыву на ўладу; асноўныя накірункі дзейнасці дзяржавы ці якіх-небудзь іншых палітычных суб’ектаў.
Гістарычна першай формай улады была ўлада грамадская — гэта такая ўлада, пры якой усе праблемы вырашаюцца разам. Тады яшчэ не было якога-небудзь пласта людзей, які стаяў бы над усім астатнім грамадствам, адсутнічалі спецыяльныя органы прымусу. Па меры развіцця грамадства ўлада пачынае ператварацца з грамадскай у палітычную.
Палітычная ўлада — гэта не проста здольнасць праводзіць сваю волю ў грамадскім жыцці, а здольнасць рабіць гэта, абапіраючыся на сістэму ўстаноў, арганізацый, законаў. Найвышэйшай формай палітычнай улады з’яўляецца дзяржаўная ўлада. Для яе рэалізацыі ствараюцца шматлікія органы і спецыяльныя органы прымусу.
Вучоныя вылучаюць розныя віды ўлады: дзяржаўную; эканамічную і палітычную; свецкую і царкоўную; заканадаўчую, выканаўчую і судовую; цэнтральную і мясцовую, уладу лідараў, бацькоў і да т. п. Від улады вызначаецца ў залежнасці ад таго, каму яна належыць, хто яе здзяйсняе і ў адносінах да каго яна рэалізуецца.
У адносінах да ўлады заўсёды варта разумець, хто яе здзяйсняе, хто ўладарыць, а хто — падпарадкоўваецца, хто з’яўляецца суб’ектам улады, а хто — аб’ектам. У сродках масавай інфармацыі, паўсядзённых размовах людзей можна пачуць такія словазлучэнні, як «улада вырашыла», «урад пастанавіў», «парламент прыняў закон». На самай справе вырашылі, пастанавілі, прынялі закон канкрэтныя людзі. Яны або аб’яднаны ў калегіяльныя органы ўлады (напрыклад, у парламент, урад, адміністрацыю) і, значыць, выконваюць абавязкі сумесна, або рэалізуюць уладу ў індывідуальнай, персаніфікаванай форме (ад лац. реrsōnа — асоба). Прэзідэнт краіны, кароль, суддзя здзяйсняюць персаніфікаваную форму ўлады. У такім выпадку заўсёды вядома, які канкрэтны чалавек прыняў уладнае рашэнне. Але важна разумець, што, у якой бы форме ні выступалі суб’екты ўлады, іх права на ўладу павінна быць замацавана ў законе, і толькі на падставе дадзенага закона суб’ект набывае магчымасць прымаць рашэнні, абавязковыя для ўсіх. Асаблівасць адносін улады і кіравання ў грамадстве і яго асобных арганізацыях заключаецца таксама ў тым, што суб’екты ўлады і кіравання супадаюць: той, хто валодае ўладай, той і рэалізуе кіраванне.
Улада | Каму належыць | Хто здзяйсняе | У адносінах да каго рэалізуецца |
Бацькі | |||
Лідар | |||
Царква | |||
Дзяржава |
Месца чалавека ў сістэме палітычных адносін вызначае палітычны статус асобы, які азначае рэальную здольнасць і магчымасць чалавека праяўляць сябе ў сферы палітыкі, выбіраць і быць абраным ва ўладныя структуры, удзельнічаць у абмеркаванні і вырашэнні грамадскіх праблем. Для развіцця грамадства важна, каб грамадзяне ўдзельнічалі ў вырашэнні наспелых праблем, у выбарах. З дапамогай выбараў забяспечваецца ўдзел грамадзян у фарміраванні прадстаўнічых органаў дзяржавы, рэалізацыі іх палітычных правоў. На думку Арыстоцеля, «грамадзянінам у агульным сэнсе з’яўляецца той, хто мае дачыненне і да панавання, і да падпарадкавання».
Палітычны статус асобы праяўляецца ў разнастайнасці яе палітычных роляў: выбаршчыка, дэпутата, члена партыі і грамадскай арганізацыі, лідара, прафесійнага палітыка і да т. п. Палітычная роля — гэта індывідуальныя паводзіны чалавека ў сферы палітыкі ў адпаведнасці са сваім статусам. Палітычны статус асобы юрыдычна замацаваны ў грамадзянстве.
Асоба як носьбіт палітычнай культуры арыентавана на пэўныя каштоўнасці і формы паводзінаў у палітычным жыцці. Яна фарміруе пазіцыі:
● адносна інстытутаў дзяржаўнага кіравання;
● адносна іншых людзей, партый і да т. п. (усведамленне прыналежнасці да нацыі, дзяржавы, рэгіёна, правапарадку);
● адносна ўласнага палітычнага ўдзелу ці няўдзелу (ацэнка сваёй кампетэнтнасці, уплыву на палітыку, узораў паводзінаў і да т. п).
Палітычная культура асобы ўключае веды пра палітычную сістэму, нормы, каштоўнасці, сацыяльны вопыт. Важныя таксама пачуцці, эмоцыі, якія адчувае асоба ў адносінах да ўдзельнікаў палітычных дзеянняў, інстытутаў палітычнай сістэмы. У грамадзян фарміруюцца ацэнкі палітычных падзей, асабістыя адносіны да дзеянняў і рашэнняў палітыкаў. Веды, пачуцці, ацэнкі вызначаюць паводзіны грамадзян, іх асабісты ўдзел у палітычным жыцці.
На думку амерыканскага палітолага Габрыэля Алманда, у асобы фарміруюцца наступныя формы арыентацыі на аб’екты палітыкі:
● пазнаваўчыя (веды пра палітыку, уладу, палітычныя інстытуты);
● эмацыйныя (давер, сумненні і да т. п. да тых, хто здзяйсняе ўладу);
● ацэначныя (меркаванні, думкі пра палітыку).
Гэтыя арыентацыі складаюць палітычную культуру асобы. Іх аналіз дазваляе зразумець матывы паводзінаў людзей, высветліць прычыны канфліктаў, прыняцця і рэалізацыі палітычных рашэнняў.