*§ 6-0. Паліталогія — навука пра палітыку
Асновы паліталогіі. Паняцце «паліталогія» паходзіць ад двух грэчаскіх слоў: politike (дзяржаўныя, грамадскія справы), вытворнага ад назвы старажытнагрэчаскага горада-дзяржавы — polis, і logos — вучэнне, слова. Іх спалучэнне азначае, што паліталогія — гэта навука пра палітыку. Аўтарам тэрміна з’яўляецца страражытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель (384–322 гг. да н. э.).
Тэрмін «палітычная навука» набыў шырокую вядомасць у канцы XIX ст., а працэс вылучэння паліталогіі ў самастойную дысцыпліну закончыўся ў пачатку XX ст.
У самым агульным выглядзе паліталогія — гэта навука пра палітычныя стасункі і палітычную дзейнасць людзей, заканамернасці станаўлення і развіцця палітычных сістэм, сутнасць, формы і метады рэалізацыі палітычнай улады.
Функцыі паліталогіі | |
Пазнаваўчая | Пэўная сістэма ведаў пра палітыку |
Выхаваўчая | Садзейнічае фарміраванню палітычнай культуры грамадзян |
Ідэалагічная | Сродак ідэйнага абгрунтавання найважнейшых мэт і ідэалаў палітычнай дзейнасці |
Практычная | Рэкамендацыі пра дзейнасць у сферы палітыкі |
Прагнастычная | Веды пра палітыку дазваляюць скласці прагноз аб тэндэнцыях развіцця палітычнай сітуацыі |
Структура паліталогіі была вызначана ў 1948 г. Камісіяй ЮНЕСКА. Яна складаецца з чатырох асноўных частак:
1) палітычная тэорыя, якая ўключае тэорыю палітыкі і гісторыю палітычных вучэнняў;
2) палітычныя інстытуты (функцыі, якія здзяйсняюцца гэтымі інстытутамі, а таксама тыя сацыяльныя сілы, якія дадзеныя інстытуты ствараюць);
3) партыі, групы, грамадская думка;
4) міжнародныя стасункі.
Паліталогія вывучае, перш за ўсё, палітычную сферу жыццядзейнасці людзей: палітычную структуру, палітычныя інстытуты і адносіны, палітычныя якасці асобы, палітычныя паводзіны, палітычную культуру і да т. п. Такім чынам, аб’ектам даследавання паліталогіі з’яўляецца палітычная сфера грамадства як незалежная ад даследчыка аб’ектыўная рэальнасць. У якасці прадмета канкрэтнага палітычнага даследавання можна выбіраць любы аспект палітычнай сферы грамадства, напрыклад палітычную культуру грамадзян або палітычныя інстытуты.