*§ 5-1. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Сацыяльны працэс. Сацыяльнымі працэсамі называюць серыю з’яў узаемадзеяння людзей адзін з адным або серыю з’яў, што адбываюцца ў арганізацыі і структуры груп, якія змяняюць адносіны паміж людзьмі ці паміж састаўнымі элементамі супольнасці.

Існуе мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльных працэсаў.

Амерыканскія сацыёлагі Роберт Парк і Эрнст Бёрджэс у сярэдзіне ХХ ст. прапанавалі шэсць тыпаў сацыяльных працэсаў: кааперацыю (супрацоўніцтва), канкурэнцыю (саперніцтва), прыстасаванне (адаптацыю), асіміляцыю (паступовае зліццё), амальгамізацыю (змешванне), канфлікт (сутыкненне).

У дапаўненне да гэтай класіфікацыі сёння вучоныя вылучаюць наступныя віды сацыяльных працэсаў:

● працэсы аднаўлення (захаванне сістэмы праз паўтарэнне) і развіцця (захаванне праз новую якасць: прагрэсіўныя ці рэгрэсіўныя, рэвалюцыйныя ці эвалюцыйныя працэсы);

стыхійныя (незапланаваныя) і свядомыя (запланаваныя) працэсы;

● працэсы сацыяльнай мабільнасці;

● працэсы падтрымання межаў — захаванне пагранічных (раздзяляльных) ліній паміж сацыяльнымі групамі;

● працэсы арганізацыі (стварэнне новага, упарадкаванне), дэзарганізацыі (разбурэнне правіл, структур) і рэарганізацыі (змены, паляпшэнні, перабудовы).

Вывучэнне сацыяльных працэсаў узнімае праблему іх ацэнкі як прагрэсіўных ці рэгрэсіўных, што звязана з пытаннем аб крытэрыях сацыяльнага прагрэсу, а таксама ўвязваецца з узроўнем даверу грамадзян да сацыяльных інстытутаў, якія дзейнічаюць у грамадстве.

img
icon-discussions
Якія сацыяльныя працэсы ў беларускім грамадстве можна ахарактарызаваць на падставе даных сацыяльнага апытання?