*§ 3-1. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сацыяльны статус і статусны набор. Сацыяльныя дзеянні, якія здзяйсняе чалавек, у значнай ступені залежаць ад яго сацыяльнага статусу – месца, якое чалавек займае ў грамадстве і з якім звязаны пэўны набор правоў і абавязкаў. Статусны набор – гэта ўся сукупнасць статусаў, якія характарызуюць дадзеную асобу ва ўсёй разнастайнасці яе ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі з пункту гледжання выканання ёю сваіх правоў і абавязкаў. У гэтым наборы вылучаюць прыроджаны статус – тое становішча, якое біялагічна належыць асобе ад нараджэння (пол, нацыянальнасць, раса), і прадпісаны статус – становішча, якое будзе прызнана грамадствам або групай. Прадпісаны статус з’яўляецца сацыяльна набытым, а дасягнуты статус – гэта становішча, якое чалавек атрымлівае дзякуючы сваім намаганням і свабоднаму выбару, а таксама дзякуючы выпадку або шанцаванню (напрыклад, выйгрыш у латарэю).

Змешаныя сацыяльныя статусы валодаюць прыметамі прадпісаных і набытых, але яны дасягаюцца не па жаданні чалавека. Напрыклад, у выніку эканамічнага крызісу чалавек робіцца беспрацоўным. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. многія дваране вымушаны былі выехаць з краіны або стаць чыноўнікамі, настаўнікамі.

Відавочна, што людзі валодаюць мноствам статусаў, бо належаць да мноства сацыяльных груп, прэстыж якіх у грамадстве неаднолькавы. Таксама можна сказаць, што чалавек глядзіць на свет і адносіцца да іншых людзей у адпаведнасці са сваім статусам. Галоўны статус чалавека вызначае яго пераважнае становішча – у адпаведнасці са статусам. Галоўны статус чалавека ў сучасным грамадстве – гэта, як правіла, прафесійны статус. У малой сацыяльнай групе асабістыя якасці і рысы характару, аўтарытэт, якім карыстаецца чалавек, вызначае яго асабісты статус. Прыналежнасць да вялікай сацыяльнай групы ў якасці прадстаўніка нацыі, канфесіі, узроставай, палавой групы характарызуе групавы статус.

Можна сцвярджаць, што асабістыя статусы звязаны з міжасобаснымі адносінамі, а сацыяльныя статусы звязаны з сацыяльнымі стасункамі. Асабістыя адносіны начальніка і падначаленага могуць быць выдатнымі, заснаванымі на ўзаемнай сімпатыі. Але калі падначалены дрэнна спраўляецца са сваёй прафесійнай роляй, не адпавядае статусу, яго звольняць. Начальнік і падначалены – сацыяльныя ролі.