§ 37. Электрычны ток у паўправадніках. Уласная і прымесная праводнасці паўправаднікоў

Паўправаднікі — вялікі клас як неарганічных, так і арганічных рэчываў у цвёрдым або вадкім стане. Паўправаднікі валодаюць шматлікімі выдатнымі ўласцівасцямі, дзякуючы якім яны знайшлі шырокае прымяненне ў розных галінах навукі і тэхнікі. Якія асаблівасці будовы паўправаднікоў?

Залежнасць супраціўлення паўправаднікоў ад тэмпературы і асветленасці. Удзельнае супраціўленне паўправаднікоў знаходзіцца ў межах ад 10–6 да 108 Ом·м (пры Т = 300 К), гэта значыць яно ў шмат разоў меншае, чым у дыэлектрыкаў, але істотна большае, чым у металаў. У адрозненне ад праваднікоў удзельнае супраціўленне паўправаднікоў істотна змяншаецца пры павелічэнні тэмпературы, а таксама змяняецца пры змене асвятлення і ўвядзенні параўнальна невялікай колькасці прымесей. Да паўправаднікоў адносяць шэраг хімічных элементаў (бор, вуглярод, крэмній, германій, фосфар, мыш’як, сурму, серу, селен, тэлур і інш.), мноства аксідаў і сульфідаў металаў, а таксама іншых хімічных злучэнняў.

Мал.
Мал. 215

Вывучыць уласцівасці паўправаднікоў можна шляхам доследаў. Збяром электрычны ланцуг, які складаецца з крыніцы току, паўправадніка і міліамперметра (мал. 215). З доследу вынікае, што пры награванні паўправадніка сіла току ў ланцугу ўзрастае. Узрастанне сілы току абумоўлена тым, што пры павелічэнні тэмпературы супраціўленне паўправадніка памяншаецца.

Мал.
Мал. 216

Правядзём яшчэ адзін дослед. Змяняючы асветленасць паверхні паўправадніка, будзем назіраць змяненне паказанняў мілі амперметра (мал. 216). Вынікі назіран няў сведчаць пра тое, што пры асвятленні паверхні паўправадніка яго супра ціўленне памяншаецца.

Такім чынам, зменшыць супраціўленне паўправадніка можна, або награваючы яго, або ўздзейнічаючы электрамагнітным выпраменьваннем, напрыклад асвятляючы яго паверхню.