§ 39. Тлушчы
Будова. Фізічныя ўласцівасці
Тлушчы шырока распаўсюджаны ў прыродзе. Разам з вугляводамі і бялкамі яны ўваходзяць у састаў усіх жывых арганізмаў.
Аснову тлушчаў складаюць складаныя эфіры трохатамнага спірту гліцэрыны і карбонавых кіслот. Такія складаныя эфіры называюцца трыгліцэрыдамі. Агульная формула трыгліцэрыдаў:
Сімваламі R1, R2 і R3 абазначаны вуглевадародныя радыкалы, якія ўваходзілі ў састаў карбонавых кіслот. Вуглевадародныя радыкалы ў саставе малекулы трыгліцэрыду могуць быць аднолькавымі або рознымі. Напрыклад, калі трыглыцэрыд утвораны астаткамі стэарынавай кіслаты, то ён называецца трыстэарат гліцэрыны:
Прывядзём формулу трыгліцэрыду, які змяшчае два астаткі пальміцінавай і адзін астатак алеінавай кіслаты:
Тлушч з’яўляецца сумессю розных трыгліцэрыдаў. Такім чынам, уласцівасці тлушчу ў многім залежаць ад будовы карбонавых кіслот, астаткі якіх уваходзяць у састаў трыгліцэрыдаў, а таксама ад адноснага змяшчэння гэтых астаткаў у тлушчы. Часцей у састаў тлушчаў уваходзяць астаткі наступных кіслот: пальміцінавай, стэарынавай, алеінавай, лінолевай, ліналенавай. У табліцы 39.1 прыведзены формулы і тэмпературы плаўлення гэтых кіслот.
Назва | Формула | Клас | tпл, °С |
Пальміцінавая кіслата | С15Н31 СООН | насычаныя | 63 |
Стэарынавая кіслата | С17Н35 СООН | 70 | |
Алеінавая кіслата | С17Н33 СООН | ненасычаныя | 14 |
Лінолевая кіслата | С17Н31 СООН | –5 | |
Ліналенавая кіслата | С17Н29 СООН | –11 |
Як бачна з даных табліцы, ненасычаныя кіслоты маюць больш нізкія тэмпературы плаўлення, чым насычаныя. Таму тлушчы, якія змяшчаюць вялікую колькасць астаткаў ненасычаных карбонавых кіслот, будуць вадкімі. Такія тлушчы маюць расліннае паходжанне і называюцца алеямі. Тлушчы, якія змяшчаюць вялікую колькасць астаткаў насычаных карбонавых кіслот, — цвёрдыя. Гэта жывёльныя тлушчы.
У табліцы 39.2 прыведзена прыкладная колькасць астаткаў насычаных і ненасычаных карбонавых кіслот у розных вадкіх і цвёрдых тлушчах.
Назва тлушчу | Астаткі насычаных кіслот | Астаткі ненасычаных кіслот | |||
пальміцінавая | стэарынавая | алеінавая | лінолевая | ліналенавая | |
Аліўкавы алей | 5 | 3 | 78 | 10 | <1 |
Сланечнікавы алей | 4 | 4 | 34 | 54 | <1 |
Ялавічны тлушч | 28 | 24 | 40 | 3 | 1 |
Барановы тлушч | 27 | 26 | 35 | 4 | 3 |
Як відаць з табліцы 39.2, у аліўкавым і сланечнікавым алеі (раслінныя тлушчы) вялікая колькасць астаткаў ненасычаных кіслот — больш за 85 %. Колькасць астаткаў насычаных кіслот у гэтых тлушчах невялікая — менш за 10 %. У ялавічным і барановым тлушчах (жывёльныя тлушчы), наадварот, вялікая колькасць астаткаў насычаных кіслот — больш за 50 %.
Наяўнасць вялікай колькасці астаткаў ненасычаных кіслот у раслінных тлушчах абумоўлівае асаблівую каштоўнасць іх у якасці кампанентаў здаровага харчавання. У жывым арганізме прысутнасць гэтых рэчываў блакіруе шкодныя працэсы з удзелам свабодных радыкалаў за кошт наяўнасці рэакцыйназдольных двайных сувязей C C. Гэта прадухіляе заўчаснае старэнне і развіццё многіх хвароб. Таму адзін з прынцыпаў здаровага харчавання — ужыванне ў ежу пераважна не жывёльных, а раслінных тлушчаў (аліўкавага, сланечнікавага і іншых алеяў).
Тлушчы нерастваральныя ў вадзе, але раствараюцца ў арганічных растваральніках.