Літаратура Асветніцтва (другая палова XVIIІ — пачатак ХІХ стагоддзя)

Уводзіны

Канец XVIII стагоддзя ўвайшоў у гісторыю як эпоха Асветніцтва, калі ў гісторыі еўрапейскай культуры адмаўлялася перавага рэлігійнага светаразумення і прызнаваўся зварот да розуму як да адзінага крытэрыю спасціжэння прыроды, чалавека і грамадства. Папулярызаваліся веды, якія павінны былі стаць даступнымі ўсім, а не толькі прывілеяваным сацыяльным слаям. У аснове навуковай, філасофскай і грамадскай думкі ляжалі рацыяналізм і вальнадумства. Асветнікі імкнуліся вырашыць праблему чалавека і яго прыроды, абапіраючыся на тэорыю натуральнага права.

Асноўнымі літаратурнымі напрамкамі эпохі Асветніцтва сталі класіцызм і сентыменталізм.

Сентыменталізм 
літаратурны 
напрамак, у якім пачуццё прызнаецца сутнасцю чалавечай прыроды. Адным з пачынальнікаў сентыменталізму ў сусветнай літаратуры лічыцца француз Жан-Жак Русо.

Класіцысты ў мастацкіх творах звярталіся найперш да розуму, сентыменталісты — да сэрца, пачуццяў. Перад літаратурай ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, фарміраваць з чалавека грамадзяніна і патрыёта, вучыць і выхоўваць яго.

Беларускамоўныя тэксты былі распаўсюджаны менш, чым у часы барока, некаторыя бытавалі ў рукапісным выглядзе. Зрэдку творы на беларускай мове, напрыклад лірычныя песні, траплялі ў друкаваныя зборнікі. Часта яны былі ананімныя. Пры гэтым рысы Асветніцтва ў Беларусі выразна праявіліся ў шматмоўнай літаратуры. Асноўнай літаратурнай мовай была польская (Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Францішак Карпінскі, Францішак Князьнін, Францішак Багамолец), напрыканцы XVIII стагоддзя распаўсюдзілася яшчэ руская (Iван Сакольскі, Гаўрыла Дабрынін). Сустракаліся тэксты на лацінскай, французскай і нямецкай мовах, бо творы на гэтых мовах на той час былі папулярныя ў Еўропе.