Літаратура эпохі Адраджэння (XVI стагоддзе)

*ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ (XVI стагоддзе)

Для культуры Сярэдневякоўя доўгі час быў характэрны тэацэнтрызм — такі погляд на свет, паводле якога Бог прызнаваўся яго цэнтрам. Пазней адбыўся адыход ад строгага дагматызму, уласцівага сярэдневяковаму светапогляду, пачалося адраджэнне ідэалаў антычнасці, вяртанне і актуалізацыя яе здабыткаў у галіне філасофіі, літаратуры, выяўленчага мастацтва і інш. Гэта эпоха атрымала назву Адраджэння, або Рэнесансу. Чалавек з яго здольнасцямі і талентамі стаў разглядацца як увасабленне боскай задумы, закладзенай у акце стварэння свету. Прызнанне каштоўнасці чалавечай асобы і яе права самастойна вырашаць уласны лёс паклала аснову новага светапогляду, які быў названы гуманізмам.

 Культуры Адраджэння ўласцівы:
 а) сувязь з ідэаламі антычнасці;
 б) гуманістычны 
характар — зварот да чалавека, яго перажыванняў, унутранага свету;
в) разбурэнне догмаў, важнасць свабоды асобы, яе права на радасці 
жыцця;
г) сцвярджэнне значнасці навукі, асветы;
д) развіццё мастацтваў, 
зварот да адоранасці, таленту майстра;
ж) з’яўленне літаратур на нацыянальных 
мовах пасля панавання царкоўнаславянскай і лацінскай.

Літаратура, выяўленчае мастацтва, музыка, архітэктура дасягнулі неверагоднага росквіту. Мастацтва пачало «служыць» не толькі Богу, але і чалавеку: яму знайшлося месца як у храмах і манастырах, так і ў штодзённым жыцці людзей.

У жывапісе ў гэты час працавалі такія сусветна вядомыя творцы, як Леанарда да Вінчы, Батычэлі, Рафаэль (Італія), Ян ван Эйк (Нідэрланды), Эль Грэка (Іспанія). У скульптуры праявіў сябе Мікеланджэла Буанароці (Італія). Музычнае мастацтва выйшла за межы сярэдневяковага канона: пачалі ўжывацца новыя інструменты (клавесін, лютня, арган), былі распрацаваны новыя музычныя жанры (сольная песня, опера).

Прыгожае пісьменства на нацыянальных мовах стала перадумовай росквіту большасці еўрапейскіх літаратур.