Практыкум

2. Дваяверства як адзін з вынікаў спецыфікі хрысціянізацыі насельніцтва Беларусі

Дваяверства як адзін
з вынікаў спецыфікі хрысціянізацыі насельніцтва Беларусі
(В. А. Пілецкі)[11]

   …У гісторыі Беларусі дваяверства, акрамя традыцыйных прычын яго ўзнікнення, характэрных для гісторыі іншых народаў, мае ў якасці асновы своеасаблівасць працэсу хрысціянізацыі. Увогуле хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх зямель, яе навукова-гістарычная праблема, усё яшчэ застаецца адносна слаба даследаванай… Прадстаўнікі расійскай і савецкай гістарыяграфіі лічылі тэрыторыю Беларусі неад’емнай часткай Кіеўскай Русі і звязвалі хрышчэнне яе насельніцтва з хрышчэннем тэрыторыі гэтай дзяржавы — што хрысціянства тут запанавала пачынаючы з Х ст. Разам з тым вядома, што пісьмовых сведчанняў пра хрышчэнне Полацкай зямлі чамусьці няма ні ў адной гістарычнай крыніцы…

   Відаць, таму, што не было пра што расказваць. Такога факту, як адначасовае хрышчэнне жыхароў Полацка, хутчэй за ўсё не было зусім. Кіеўскі князь не хрысціў Полацк.

   Беларускія гісторыкі (С. В. Тарасаў) … з апорай на розныя ўскосныя сведчанні гістарычных крыніц, а таксама на скандынаўскія сагі, звярнулі ўвагу на тое, што працэс хрышчэння беларускіх зямель меў значныя адрозненні ад аналагічнага на тэрыторыі Кіеўскага княства. Па-першае, на іх думку, кіеўскі князь не мог хрысціць Полаччыну, бо яна не з’яўлялася часткай тэрыторыі яго дзяржавы, а была суседняй краінай. Па-другое, тут не было гвалтоўнага хрышчэння: тут ішоў працэс «мірнага ўрастання» хрысціянства ў язычніцкае асяроддзе, які ахапіў даволі працяглы перыяд ажно да XIV–XV стст.

   З тым, што працэс хрысціянізацыі не быў завершаны, а працягваўся падчас існавання ВКЛ, былі згодны ў той ці іншай ступені і некаторыя даследчыкі-папярэднікі. Так, беларускі этнограф і гісторык культуры ХХ ст. А. А. Багдановіч, вывучаючы перажыткі старажытнага «светасузірання» беларусаў, адзначаў мноства доказаў прысутнасці многабожжа ў грамадскай ідэалогіі на тэрыторыі Беларусі ажно ў ХІХ ст. А беларускі савецкі навуковец … Г. М. Філіст пісаў, што «…хрысціянізацыя Беларусі працягвалася … да кастрычніка 1917 г., павольна пранікаючы ў свядомасць народных мас. Яно так і не стала дамінуючым…»

   Так ці інакш … вынікае, што нават падчас існавання ВКЛ на тэрыторыі Беларусі разам з хрысціянствам (у асобе праваслаўнай і каталіцкай канфесій) працягвала існаванне і язычніцтва. Калі гаварыць пра жыхароў Княства, то можна з упэўненасцю адзначыць, што шырокія колы насельніцтва ў ХІІІ—XIV стст. былі яшчэ ў значнай ступені па перакананнях язычнікамі…

У асяроддзі гарадскога насельніцтва, канешне, працэнт уплывовасці хрысціянства быў намнога вышэйшым… Але ў гарадах яшчэ (тым больш на асабістым узроўні, у сямейных адносінах і інш.) значную ролю адыгрывала язычніцтва, яшчэ дзейнічала на правах раўнапраўя з хрысціянствам...

   …Наяўнасць дваяверства на тэрыторыі Беларусі, якое захавалася ў пэўнай ступені ажно да ХІХ ст., а дзе-нідзе яшчэ сустракаецца і сёння, мае не толькі агульнаеўрапейскія карані, але было звязана, у першую чаргу, са спецыфікай хрысціянізацыі насельніцтва беларускіх зямель. Адсутнасць адначасовага (прымусовага) акта хрышчэння — абумоўленага, відаць, адасобленасцю Полаччыны ці непадпарадкаванасцю кіеўскаму княжацкаму кіраўніцтву — прывяла да паступовай, расцягнутай па часе хрысціянізацыі («мірнага ўрастання» хрысціянства ў язычніцкае асяроддзе). Яна хоць і абапіралася на непасрэдную зацікаўленасць палітычнай улады полацка-тураўскага перыяду, а пазней і кіраўніцтва ВКЛ, дабіцца канчатковага панавання монатэізму, але ўсё ж, гістарычна працягвалася павольнымі негвалтоўнымі метадамі. Апошняе і паслужыла, у першую чаргу, захаванню на гістарычна працяглы перыяд у гісторыі Беларусі такой своеасаблівай сацыяльна-канфесійнай, культурнай і рэлігійна-палітычнай з’явы, як дваяверства.

Пытанні да артыкула:

1. Чаму беларускія гісторыкі абапіраюцца ў сваіх даследаваннях па пытанні хрышчэння беларускіх зямель на ўскосныя сведчанні?
             2. Якія доказы прыводзяць гісторыкі наконт часу хрысціянізацыі Полацкага княства і асобы, якая здзейсніла гэты працэс?
             3. Якія доказы прыводзіць аўтар артыкула наконт захавання язычніцкага светаўспрымання ў ХІХ ст.?
            4. Вызначце пункт гледжання аўтара па пытанню прыняцця хрысціянства на беларускіх землях.