Практыкум

1. Культавыя камяні Беларусі

Культавыя камяні Беларусі
(Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў)[10]

   На большай тэрыторыі Беларусі, найперш за ўсё на яе поўначы і ў цэнтральнай частцы, шырока распаўсюджаны валуны. Іх з’яўленне тут абумоўлена мацерыковымі зледзяненнямі... Звычайна памер валуноў не перавышае 0,7 м, радзей сустракаюцца глыбы да 1–1,5 м і зусім зрэдку — камлыгі да 3–5 м і болей. Самы вялікі з зарэгістраваных у рэспубліцы валуноў (Вялікі Камень) ляжыць каля в. Горкі Шумілінскага раёна. Яго даўжыня 11 м. Памеры камянёў змяншаюцца з поўначы на поўдзень Беларусі.

   З’яўляючыся адметнай часткай ландшафту, валуны здаўна ўвайшлі не толькі ў матэрыяльную, але і духоўную культуру беларускага народа. У значнай ступені культавыя валуны звязаны з першабытнымі вераваннямі: шанаваннем аб'ектаў прыроды, якія быццам бы маюць звышнатуральныя якасці (фетышызм), верай у тое, што асобныя камяні з'яўляюцца або раней былі жывымі істотамі (анімізм), а таксама познімі рэлігійнымі вераваннямі (культам продкаў, язычніцтвам з яго шматлікімі антрапаморфнымі боствамі, хрысціянствам).

   Звесткі аб культавых камянях Беларусі сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з XVI ст. (Хроніка Літоўская і Жамойцкая, Хроніка Мацея Стрыйкоўскага, Літоўская Метрыка). Так, пад 1557 годам каля в. Тарасава паблізу Мінска згадваецца Чортаў камень. Дакументы XVII ст. часта называюць камяні з высечанымі на іх крыжамі ў якасці пагранічных знакаў. У канцы XVII ст. рускі падарожнік П. А. Талстой адзначыў камень з выявай ступні чалавека (следавік) у Барысаўскім касцёле…

   На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 300 культавых валуноў, больш за 100 месцазнаходжанняў каменных крыжоў і каля 30 каменных язычніцкіх ідалаў.

   Усе культавыя камяні можна падзяліць на два асноўныя тыпы: культавыя валуны і культавыя вырабы з валуноў…

   …Да класа магічных валуноў, або валуноў-фетышаў, належаць валуны-абярэгі, валуны-гойбіты, следавікі, цудадзейныя валуны і скарбнікі.

   Валуны-абярэгі вядомы ў вёсках Мількавічы (Мількановічы) Навагрудскага, Крынкі Асіповіцкага раёнаў і ў іншых мясцінах. У вёсцы Мількавічы магічнай сілай валодаюць часткі, адбітыя ад валуна. У Крынках магічнымі лічыіліся камяні ў форме птушак. У Крэве Смаргонскага раёна ў якасці абароны ад халеры ў 1871 г. на кожным баку вёскі было пастаўлена па валуну-абярэгу. З іх захаваўся толькі адзін камень вышынёй каля 1 м. На яго трох гранях выбіты шасціканцовыя крыжы.

   Валуны-гойбіты. Па павер’ях, дапамагаюць ад розных хваробаў. Дажджавая вада з валуноў лічылася лекавай і выкарыстоўвалася ў многіх вёсках. У якасці лекаў ужываўся мох, які рвалі з каменя і сушылі. Ад хвароб вачэй нібыта дапамагала вада з каменя Кадрыль каля в. Камяное Бярэзінскага раёна, з валуноў каля вёсак Старадварэц на Гродзеншчыне, Кудзінавічы Капыльскага, Засімавічы Пружанскага, Воўкаўшчына Міёрскага раёнаў, г. п. Акцябрскі (Рудабелка). У Рудабелцы над каменем была пабудавана капліца, служыліся малебны, людзі прыносілі ахвяры — лён, палатно, масла. Ад ліхарадкі вылечваў камень у в. Ківачына Пружанскага раёна. Дзяцей, хворых коклюшам, лячыў камень у в. Шышавічыі Пружанскага раёна. У вёсцы Пярэжары Пухавіцкага раёна камень вылечваў паралітыкаў, кульгавых і глухіх. У выглядзе парашка камень каля в. Раменікі Іўеўскага раёна дапамагаў ад вар'яцтва. У Навіцкавічах Камянецкага раёна вада са слядка лячыла барадаўкі ў людзей і жывёл. Жывёл лячылі яшчэ камень каля вёскі Заснуддзе Браслаўскага раёна (коней) і камень Волас у Крыжоўцы каля Мінска (усіх хатніх жывёл).

   Камянёў-следавікоў налічваецца каля сотні. Звычайна гэта невялікія (да 1,5–2 м) глыбы з ксеналітамі — уключэннямі іншароднага рэчыва ў асноўнай масе горнай магматычнай пароды. У групу следавікоў уваходзяць два віды: антрапаморфныя следавікі — адбіткі нагі (Божая Стопка, След Хрыста, След Багародзіцы, След Святой Панны, След Святога Мікалая, След Чорта, След Д'ябла, След Валатоўны і інш.), адбіткі далоні (адзін са Змеевых валуноў у Сенненскім раёне, камень на беразе Сажа, камень пад алтаром Жыровіцкай царквы ў Слонімскім раёне) і зааморфныя следавікі — адбіткі капыт ці лап жывёл. Да найбольш старажытных можна аднесці камяні пад назвай След Валатоўны на беразе Свіслачы і каля в. Забежжа пад Віцебскам і пад назвай След Лебедзі каля вёскі Лукава Маларыцкага раёна. Такія назвы захаваліся з язычніцкіх часоў. Большасць жа следавікоў дайшлі да нас ў хрысціянскай інтэрпрэтацыі…

   Сярод следавікоў ёсць камяні са слядамі Св. Мікалая — вёскі Куцаўшчына і Грозава Капыльскага раёна, Св. Антонія — вёска Плябанаўцы Мастоўскага раёна. Некаторыя камяні-следавікі звязваюцца са следам Хрыста: вёскі Кудзінавічы Капыльскага, Кадка Глускага, Воўкаўшчына Міёрскага раёнаў. Мінскі следавік, што калісьці ляжаў на Траецкай гары, вядомы пад назвай Нага Пятра.

   Сярод зааморфных следавікоў два звязаны з канямі (Конь-Камень каля в. Заснуддзе і в. Краснагорка Браслаўскага раёна, конскае капыта на камені каля в. Пупелічы Барысаўскага раёна)… На валуне каля в. Журавец Асіповіцкага раёна маюцца слядкі чатырох жывёл — мядзведзя, ваўка, зайца і лісіцы. Па паданнях, слядкі быццам бы пакінулі звяры ў тыя часы, калі камяні былі мяккімі. След аленя яшчэ звязваюць са следам Залатога аленя шчасця.

   Камяні з назвамі След Чорта (Чортаў след, Чортаў ступень) вядомы каля вёсак Сянежычы Навагрудскага раёнаў і ў іншых месцах. Каля вёскі Расальшчызна Іўеўскага раёна камень завецца Следам Д'ябла-абжоры.

   Цудадзейныя валуны, або валуны-цудавікі, не маюць функцый абярэгаў або лекавых камянёў, але з імі паданні звязваюць прывіды і іншыя незвычайныя з'явы. Такія валуны вядомы ў вёсках Наўгароды Міёрскага, Камень Уздзенскага, Масцішчы, Сташэлішкі і Багданава Браслаўскага раёнаў. Напрыклад, мясцовыя жыхары апавядаюць, што ў вёсцы Сташэлішкі каля валуна часам з’яўляюцца тры вершнікі і пужаюць людзей, а ў вёсцы Багданава на валуне бывае агонь і бачаць старую з вялізным мехам…

   Аб камянях-скарбніках у большасці выпадкаў звычайна гавораць, што пад імі закапаны скарбы. Часцей за ўсё гэта грошы (вёскі Пупелічы Барысаўскага, Масцішча Браслаўскага раёнаў), золата (вёскі Сташэлішкі Браслаўскага, Чурышава Міёрскага раёнаў), золата і срэбра (Расоншчына), золата і зброя (вёска Дрычын Пухавіцкага раёна), брычкі з золатам (вёска Мікулкі Пастаўскага раёна), багацце, нарабаванае французамі ў 1812 годзе (вёска Бушавічы Глыбоцкага раёна) і г. д.

   Анімістычныя валуны, або пярэваратні. Гэты клас адлюстроўвае рэшткі архаічных вераванняў у тое, што валуны, як і некаторыя іншыя прыродныя аб'екты (напрыклад, дрэвы), з'яўляюцца або маглі раней быць жывымі істотамі. Сярод звестак аб валунах як акамянелых істотах, будынках і рэчах вылучаецца 6 сюжэтаў: акамянелыя аратыя разам з валамі за працу на Вялікдзень, акамянелыя вяселлі, акамянелыя краўцы ці шаўцы, акамянелыя людзі за розныя правіннасці, акамянелыя жывёлы і акамянелыя будынкі (часцей разам з людзьмі)…

   Паданні пра акамянелыя вяселлі пераклікаюцца з падобнымі паданнямі пра курганы, дзе магільныя насыпы — гэта пахаванні ўдзельнікаў вяселля, якое сустрэлася з лютым змеем, або на месцы курганоў адбылася бойка паміж двума вяселлямі — адно ехала з царквы, а другое ў царкву і не хацелі саступаць адно другому дарогу: вёскі Збляны Лідскага, Дзярэчын Зельвенскага раёнаў.

   Большасць паданняў пра акамянелых людзей ідзе яшчэ ад часоў хрысціянізацыі. Гэта, напрыклад, Сцёп-Камень — акамянелы Сцяпан, які ў першы дзень Вялікадня выехаў араць (вёска Краснікі Докшыцкага раёна). Гавораць, што калісьці камень быў з галавой, рукамі і нагамі. У Бялынічах і вёсцы Дзераўной Слонімскага раёна камяні лічацца акамянелымі жанчынамі.

   З валуноў, у якіх ператварыліся жывёлы, вядомы Воўк, Гусак, Мядзведзь, Быкі, Карова, Кот, а таксама Змеевы і Вужыныя камяні. Паданні аб такіх камянях можна лічыць самымі архаічнымі. Даволі распаўсюджана назва Змееў камень. Каля вёскі Віркаў Чашніцкага раёна вядомы Змей-Кравец, у валуне паблізу вёскі Валэйкішкі Астравецкага раёна быццам бы жыў змей (цмок) Вяль. На Расоншчыне існуе паданне. Цмок ляцеў з золатам і срэбрам да грэшнікаў. Раптам неба раскалолася, цмок упаў і ператварыўся ў камень, а скарбы апынуліся ў зямлі пад каменем.

   Даволі распаўсюджаны паданні пра акамянелыя вёскі, азёры, храмы. Так, у Ражанах Слуцкага раёна на месцы камянёў нібыта раней была вёска. У паданні гаворыцца, што дзядок, якога не пусцілі пераначаваць, усю вёску ператварыў у камяні, а дзяўчыну, што прынесла дзядку хлеба, але не паслухалася яго і аглянулася, перавярнуў у зязюлю. Камень паблізу вёскі Галынка каля дарогі з Падросі ў Ваўкавыск ляжыць нібыта на месцы былога возера. Згодна з паданнем, тут некалі праязджала багатая пані з любімым сабачкам. Яна хацела выкупаць сабачку, але той утапіўся. Пані пракляла возера, яно ўвайшло ў зямлю і на паверхні замест возера застаўся толькі камень. Пра валун каля в. Старадварэц на Гродзеншчыне гаворыць, што на яго месцы раней стаяў касцёл.

   Сярод анімістычных валуноў асобна стаяць камяні-краўцы і шаўцы. З іх сем шылі адзенне, тры боты, прычым сярод тых валуноў, што шылі адзенне, два камяні называюць Сцяпанамі, адзін Чортавым, адзін — Змеевым, а сярод камянёў, што шылі боты, адзін завецца Гомсіным. Усе камяні-краўцы лічацца акамянелымі хатамі. Паданні пра такія камяні амаль аднолькавыя. Напрыклад, у Высокім Гарадцы Талачынскага раёна да каменя вечарам прыносілі тканіну і прасілі: «Сцяпан, сшый мне жупан», а раніцай атрымлівалі адзенне…

   Дэістычныя валуны (багавікі). Значную частку гэтага класа культавых валуноў займаюць валуны, якія звязаны з язычніцкімі боствамі. Так, камень каля в. Крамянец Лагойскага раёна завецца Дажбогаў камень (Святы камень), тры камяні маюць назву Пярун (вёскі Папялы Глыбоцкага, Расходна Сенненскага раёна, на беразе возера Дрывяты каля Браслава). Камяні з назвамі Волас вядомы ў Крыжоўцы Мінскага раёна, каля возера Волас на Браслаўшчыне. Камень Воласень згадваецца на Ушаччыне. Два камяні вядомы пад назвамі Пястун (Чэрвеньшчына і па дарозе з Себежа ў Люцын). Да гэтай групы камянёў можна далучыць і Лешы камень каля вёскі Еляшоўка Чашніцкага раёна.

   З язычніцкімі ахвярнікамі (капішчамі) былі звязаны валуны, якія маюць назву Капішча (вёска Мосар Ушацкага раёна), Алтар (вёскі Жыровіцы Слонімскага, Мсцібава Ваўкавыскага, Верасніца Столінскага, Хвінявічы Дзятлаўскага раёнаў), а таксама камяні, дзе, па паданнях, гарэў нязгасны агонь (хутар Тупальшчызна Смаргонскага раёна), або камяні, паблізу якіх адбываліся гулянні (Мар'іна Горка Пухавіцкага, Язна Міёрскага, Казлоў Бераг Бярэзінскага, Гародня Чэрвеньскага раёнаў). Дачыненне да былых язычніцкіх ахвярнікаў, верагодна, маюць і валуны, на якіх адбываліся пакаранні смерцю (вёскі Суткава Смаргонскага, Жырмуны Лідскага, Воўкаўшчына Міёрскага раёнаў).

   Да былых язычніцкіх святынь адносяцца і шырока вядомыя Барысавы камяні з надпісамі XII ст. Вядомы 7 помнікаў з такой назвай. Яны маюць характэрныя выявы крыжа і надпісы тыпу «Господі, помозі рабу своему Борису». Пяць такіх камянёў знаходзяцца ў рэчышчы Заходняй Дзвіны (адзін каля Полацка, тры каля г. Дзісны, адзін у г. п. Друі) і два на водападзеле Дняпра і Заходняй Дзвіны каля вёсак Дзятлава Аршанскага і Высокі Гарадзец Сенненскага раёнаў. Адзін з Барысавых камянёў (Сулібор Хрэст), што быў каля Дзісны, у канцы мінулага стагоддзя пераведзены ў Маскву і зараз знаходзіцца ў Музеі-запаведніку «Каломенскае». Камень, што ляжаў каля в. Падкасцельцы, у 1981 г. перавезены да Сафійскага сабора ў Полацку. Друйскі камень зараз поўнасцю пакрыты вадой (вусце ракі Друйкі пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну). Астатнія Барысавы камяні былі знішчаны.

   Крыптагенныя валуны — гэта аб’екты, якія пакуль што нельга з ўпэўненасцю аднесці да якога-небудзь з вышэйназваных класаў. Да крыптагенных аднесены валуны з выемкамі рознай формы, ямкамі, нерасшыфраванымі малюнкамі, знакамі, надпісамі…

Пытанні і заданні:

1. З якімі вераваннямі звязаны валуны ў гісторыі Беларусі?
             2. Чаму валуны называюць культавымі?
             3. Складзіце класіфікацыю культавых валуноў у Беларусі.
            4. Вызначце, якія з іх знаходзяцца каля вашага месцажыхарства.
            5. Аб чым сведчыць факт, што язычніцкія культавыя валуны дайшлі да нас з хрысціянскімі назвамі?
            6. Якую можна зрабіць выснову з таго факту, што да нашых дзён існуюць камяні з язычніцкімі назвамі?
            7. Пабудуйце (пры дапамозе геаінфармацыйных сервісаў, напрыклад, GoogleMaps) інтэрактыўную карту «Культавыя валуны Беларусі». Пазначце на ёй самыя знакавыя (на вашу думку) камяні з гэтага артыкула з кароткім апісаннем. Чаму менавіта гэтыя камяні вы вызначылі як знакавыя? Пазначце на карце валуны з вашага раёна (вобласці).

[10] Ляўкоў Э., Карабанаў А., Дучыц Л., Зайкоўскі Э., Вінакураў В. Культавыя камяні Беларусі // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 2. Мінск, 2002.