Практыкум

1. Акт Варшаўскай канфэдэрацыі аб свабодзе веравызнанняў у Рэчы Паспалітай

  Акт Варшаўскай канфэдэрацыі аб свабодзе веравызнанняў у Рэчы Паспалітай. 28 студзеня 1573 г. [1]

   Прынята ў Варшаве на з’ездзе вальным каронным дваццаць восьмага дня месяца студзеня року ад Панскага [нараджэння Хрыстова] тысяча  пяцьсот семдзесят трэцяга.

   Мы, рады каронныя, духоўныя і свецкія, і рыцарства, і станы іншыя адзінай і непадзельнай Рэчы Паспалітай з Вялікай і з Малой Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, Кіева, Валыні, Падляшша, зямлі Рускай, Прускай, Паморскай, Жамойцкай, Ліфляндскай і месцаў [гарадоў] Польшчы. Абвяшчаем усім, каму належыць, на вечную той справы памяць, што ў той небяспечны час без караля, пана вярхоўнага, жывучы, намагаліся пільна таго на з’ездзе Варшаўскім, каб па прыкладзе продкаў нашых самі між сабой пакой, справядлівасць і парадак і абарону Рэчы Паспалітай утрымаць і захаваць маглі. Аб тым адзінадушным рашэннем і святою прысягаю сабе гэта ўсе супольна імем усёй Рэчы Паспалітай абяцаем і бяром абавязак верай, годнасцю і сумленнем нашым наперад аніякага падзелу між сабой не чыніць, ані раздзялення якога не дапусціць, як у адной непадзельнай Рэчы Паспалітайніводная частка без іншай ані гаспадара сабе абіраць, ані змовы асобнай з іншымі не чыніць, але адпаведна з месцам і часам вызначаным, з’ехацца ўсёй грамадой кароннай і супольна і спакойна тую справу абрання гаспадара па волі Божай слушна разгледзець, а інакш на гаспадара не згаджацца, адно толькі як з такой і менавітай умоваю, што нам перш правы ўсе, прывілеі і вольнасці нашыя, якія ёсць і якія яму надамо па абранні, нам прысягнуць мусіць. А менавіта гэта прысягнуць: пакой паспаліты між людзьмі рознае веры і набажэнства захоўваць і нас за мяжу Кароны ніколі ні ў які спосаб не цягнуць, ані просьбаю каралеўскаю сваёй, ані выплатай пяці грыўнаў на дрэўца, ані рушэння паспалітага без згоды соймавае чыніць. Таму паўстаць супраць кожнага такога абяцаем, хто б альбо месца і час іншы для выбараў гаспадара сабе прызначаў, або замяшанне на выбарах чыніць хацеў, альбо люд служэбны асабліва наймаў, альбо выбарам гэтым, са згоды супольнай праведзеным, супраціўляцца асмеліўся. А як у Рэчы Паспалітай ёсць розніца немалая з боку веры хрысціянскай, папярэджваючы тое, каб з той прычыны між людзьмі сваркі якія шкадлівыя не пачаліся, каторыя па іншых каралеўствах ясна бачым, абяцаем тое сабе супольна за нас і за патомкаў нашых на вечныя часы пад прысягай з вераю, годнасцю і сумленнем нашым, што розныя ў веры пакой між сабой захаваюць, а з-за рознай веры і адрозненняў у касцёлах крыві не праліваць, ані з-за гэтага караць асуджэннем маёмасці, знявагаю, заключэннем у вязніцу, выгнаннем не будуць, і ніводнаму верхавенству ані ўраду да такога ўчынку ніводным спосабам не дапамагаць, і наадварот, дзе б яе хто праліваць хацеў, з той прычыны будзем бараніцца, у тым усе будзем абавязаныя, хаця б тое пад страхам асуджэння або справы якой судовай хто б тое ўчыніць хацеў. Бо цераз тую канфэдэрацыю нашаю аніякай улады над падданымі іх, як станаў духоўных, так і свецкіх, панам іхнім не адмаўляем. І калі б такое свавольства дзе адбылося пад відам набажэнства, як заўсёды было, будзе вольна і цяпер кожнаму пану падданага свайго непаслухмянага як у духоўных, так і ў свецкіх рэчах, паводле разумення свайго пакараць, каб усе наданні верхавенства і ўлады каралеўскай царкоўныя пасады такія, як арцыбіскупства, біскупства і іншая ўсялякая маёмасць была даваная не іншым, як адно толькі рымскага касцёлу асобам духоўным, жыхарам польскім паводле Статуту. А маёмасць касцёлаў грэцкіх людзям той жа грэцкай веры мусіць быць дадзена. А як пакой нямала ад таго залежыць, каб супярэчанні паміж рознымі станамі былі стрыманыя, а між станамі духоўным і свецкім ёсць немалая розніца ў рэчах свецкіх дачасных мінаючых, абяцаем усё тое між сабою зраўняць на бліжэйшым сойме па абранню гаспадара. Справядлівасці парадку такому моц надаём, які сабе каторае ваяводства супольна пастанавіла альбо яшчэ пастановіць у згодзе. Таксама і аб абароне патрэбнае замкаў пагранічных, хто-кольвек каму пэўны доўг запісаў і дабравольна згадзіўся сваім запісам адказваць перад замкавым судом, ці будзе гэта перад смерцю або ўжо пасля смерці караля, такі кожны паводле запісу свайго няхай звыклыя наступствы права церпіць.

   А панове старастове будуць павінныя моцаю таго паспалітага абавязку без усякае валакіты паводле звычаю судзіць і разбіраць і паспяхова выконваць такія справы, акрамя тых ваяводстваў, каторыя сабе кшталт або звычай справядлівасці спаўнення асаблівы пастанавілі ў час бескаралеўя альбо яшчэ пастанавіць маюць. Запісы ўсялякія і наданні маёмасці вечныя перад кнігамі ўчыненыя і каторыя надалей будуць учынены падчас бескаралеўя супольным на тое канфэдэрацыі дазволам пастанаўляем, каб падчас бескаралеўя, пачаўшы з дня смерці караля, нікому ва ўчынках законных даўнасць земская не шкодзіла на будучае да справядлівасці яго. Таксама тыя, каторыя мелі ў час пэўны пазыкі грошай на мінулыя гады або год новы, або на які час ужо мінулы, — тыя ўсе будуць абавязаныя атрымаць свае грошы на першых судах, дасць Бог па абранні новага караля альбо на першае адкрыццё судовых кніг. Абяцаем таксама тое сабе, што на выбары караля прызначаныя едучы і на месцы будучы і да дому з’язджаючы, гвалту ніякага людзям і паміж сабой чыніць не будзем. Тыя ўсе рэчы абяцаем самі разам з нашчадкамі сваімі захоўваць няўхільна і трымаць пад вераю, годнасцю і сумленнем нашым. А хто б таму супраціўляўся і пакой ды парадак паспаліты псаваў, супраць такога ўсе паўстанем на яго парушэнні. А для лепшай пэўнасці ўсіх тых апісаных рэчаў прылажылі мы пячаткі свае да гэтага і рукамі ўласнымі падпісалі…

Пераклад з польскай мовы

   Пытанні і заданні:

1. Дакажыце, што акт Варшаўскай канфедэрацыі прадугледжваў свабоду веравызнання ў Рэчы Паспалітай.
            2. Чаму быў прыняты гэты дакумент?
            3. Успомніце, як вырашалася канфесійнае пытанне ў гэты час у іншых еўрапейскіх краінах (Францыі, Швецыі, Англіі, Швейцарыі).
           4. Чым з тэкста дакумента можна растлумачыць адсутнасць рэлігійных ганенняў у Рэчы Паспалітай?

[1] Варшаўская канфэдэрацыя 1573 г. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.belreform.org/confed.php. Дата доступу 14.04.2020.