§ 27. Дзеянне магнітнага поля на праваднік з токам. Узаемадзеянне праваднікоў з токам
Узаемадзеянне праваднікоў з токам. Адкрыццё Эрстэда дало штуршок даследаванням па выяўленні сувязі паміж электрычнымі і магнітнымі з’явамі. Ампер у 1820 г. правёў шэраг эксперыментаў па вывучэнні ўзаемадзеяння двух гнуткіх першапачаткова прамалінейных і паралельных праваднікоў з токам. Ён выявіў, што калі ток у правадніках праходзіць у супрацьлеглых напрамках, яны адштурхваюцца (мал. 140, а), а калі ў аднолькавых напрамках — прыцягваюцца (мал. 140, б). Пры адсутнасці току ў правадніках яны не праяўляюць магнітнага ўзаемадзеяння (мал. 140, в).
Узаемадзеянне магнітнага поля аднаго правадніка з токам другога правадніка абумоўлена магнітнай сілай.
Магнітнае ўзаемадзеянне двух паралельных праваднікоў з токам выка рыстоўваюць у СІ для азначэння адзінкі сілы току — ампера.
1 ампер — гэта сіла нязменнага току, які пры праходжанні па кожным з двух паралельных прамалінейных праваднікоў бясконцай даўжыні і мізэрна малога кругавога сячэння, размешчаных на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікаў бы паміж гэтымі праваднікамі сілу магнітнага ўзаемадзеяння, модуль якой роўны 2·10–7 Н на кожны метр даўжыні.
Цікава ведаць
Калі разглядаць узаемадзеянне праваднікоў з токам больш дэталёва, то трэба адзначыць, што яно мае як магнітны, так і электрычны кампаненты. Электрычнае ўзаемадзеянне абумоўлена зарадамі, якія знаходзяцца на паверхні праваднікоў з токам. Сцвярджэнне, што праваднікі з токамі аднаго напрамку прыцягваюцца, з'яўляецца праўдзівым толькі ў тым выпадку, калі электрычнае ўзаемадзеянне паміж праваднікамі значна слабейшае, чым магнітнае, гэта значыць калі супраціўленне праваднікоў малое, а сіла току ў іх дастатковая вялікая.