§ 27. Дзеянне магнітнага поля на праваднік з токам. Узаемадзеянне праваднікоў з токам

Дзеянне магнітнага поля на праваднік з токам. Паколькі магнітнае поле правадніка з токам дзейнічае пэўнай сілай на магніт (у доследзе Эрстэда — на магнітную стрэлку), то натуральна дапусціць, што з боку магнітнага поля магніта на праваднік з токам павінна дзейнічаць сіла. Гэтае дапушчэнне можна праверыць эксперыментальна.

Збяром электрычны ланцуг, паказаны на малюнку 139, а. Пры разамкнутым ланцугу дзеяння з боку магнітнага поля дугападобнага магніта на гнуткі праваднік не назіраецца. Пры замыканні ланцуга праваднік прыходзіць у рух: ён або ўцягваецца ў прастору паміж полюсамі дугападобнага магніта (мал. 139, б), або выштурхваецца з яе (мал. 139, в) пры адваротным размяшчэнні полюсаў магніта (або пры змене напрамку току). Гэты дослед яшчэ раз даказвае, што магнітнае поле дзейнічае толькі на зарады, якія рухаюцца.

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню

Ці дзейнічае магнітнае поле на зараджаныя часціцы, якія рухаюцца ў вакууме? Няхай у катоднай трубцы (мал. 139.1, а) ад катода К да анода А рухаецца пучок электронаў. Пры адсутнасці знешняга магнітнага поля ён будзе рухацца прамалінейна і перпендыкулярна да паверхні анода. Калі да трубкі паднесці магніт (мал. 139.1, б), то электронны пучок адхіліцца ўніз. Памяняўшы месцамі размяшчэнне полюсаў магніта, можна адхіліць пучок уверх. Траекторыю руху электронаў унутры трубкі можна назіраць дзякуючы экрану Э, пакрытаму люмінафорам — рэчывам, якое свеціцца пад уздзеяннем удараў электронаў.

Мал.
Мал. 139.1

Ва ўсіх разгледжаных выпадках на праваднікі з токам (зараджаныя часціцы, што рухаюцца) дзейнічалі магнітныя сілы, якія можна разглядаць як вынік узаемадзеяння магнітнага поля пастаяннага магніта з магнітнымі палямі праваднікоў з токам (зараджаных часціц, што рухаюцца).

Магнітныя сілы — сілы, што дзейнічаюць з боку магнітнага поля на змешчаныя ў ім магніты, праваднікі з токам або зарады, якія рухаюцца.