§ 23. Кандэнсатары. Электраёмістасць кандэнсатара. Электраёмістасць плоскага кандэнсатара
Электраёмістасць кандэнсатара. У працэсе зарадкі найбольш простага кандэнсатара яго абкладкі набываюць супрацьлеглыя па знаку зарады q і -q, модулі якіх роўныя. Гэтыя зарады ствараюць паміж абкладкамі электрастатычнае поле, лініі напружанасці якога пачынаюцца на дадатна зараджанай абкладцы і заканчваюцца на адмоўна зараджанай. Шматлікія эксперыменты сведчаць, што пры нязменных памерах і форме праваднікоў (абкладак кандэнсатара), а таксама дыэлектрычных уласцівасцях асяроддзя, у якім яны знаходзяцца, захоўваецца прамая прапарцыянальная залежнасць паміж зарадам кандэнсатара і напружаннем паміж яго абкладкамі.
Такім чынам, велічыня, роўная адносінам зараду кандэнсатара да напружання паміж яго абкладкамі, з’яўляецца пастаяннай для дадзенага кандэнсатара і не залежыць ні ад зараду, ні ад напружання. Гэтую велічыню назвалі электрычнай ёмістасцю С (электраёмістасцю). Электраёмістасць колькасна характарызуе здольнасць кандэнсатара назапашваць электрычныя зарады.
Электрычная ёмістасць кандэнсатара — фізічная скалярная велічыня, роўная адносінам зараду кандэнсатара да напружання паміж яго абкладкамі:
(23.1)
Прааналізаваўшы формулу (23.1), можна зрабіць выснову: чым меншае напружанне U на абкладках кандэнсатара пры перадачы ім зарадаў q і -q, тым большая электраёмістасць кандэнсатара.
Адзінкай электрычнай ёмістасці ў СІ з’яўляецца фарад (Ф).
1 Ф — вельмі вялікая электраёмістасць. Электраёмістасцю С = 1 Ф валодаў бы змешчаны ў вакууме адасоблены шар радыусам R = 9 · 109 м (для параўнання: радыус зямнога шара RЗ = 6,4 · 106 м). Таму на практыцы прымяняюць дзельныя адзінкі: мікрафарад (1мкФ = 1 · 10–6 Ф), нанафарад (1 нФ = 1 · 10–9 Ф) і пікафарад (1 пФ = 1 · 10–12 Ф).
Напрыклад, электраёмістасць такога вялізнага правадніка, як зямны шар, роўная С = 0,71 мФ, а электраёмістасць чалавечага цела прыкладна С = 50 пФ.
1. Ці зменіцца электраёмістасць кандэнсатара, калі: а) павялічыць напружанне паміж яго абкладкамі; б) паменшыць зарад кандэнсатара?
2. Электраёмістасць кандэнсатара С = 10 нФ. Які зарад кандэнсатара, калі напружанне паміж яго абкладкам U = 150 В?
З гісторыі фізікі
У XVII–XVIII стст. вучоныя разглядалі электрычнасць як «нематэрыяльную вадкасць». Гэтая «вадкасць» магла «ўлівацца» ў праваднік і «вылівацца» з яго. Так з’явіўся тэрмін «электрычная ёмістасць».
Цікава ведаць
На схемах намінальную электраёмістасць кандэнсатараў звычайна паказваюць у мікрафарадах і пікафарадах. Аднак рэальная электраёмістасць кандэнсатара можа значна мяняцца ў залежнасці ад многіх фактараў. Яшчэ адной, не менш важнай, характарыстыкай кандэнсатараў з’яўляецца намінальнае напружанне — значэнне напружання, пазначанае на кандэнсатары, пры якім яго можна выкарыстоўваць у зададзеных умовах на працягу тэрміну службы. Гэтае напружанне можа знаходзіцца ў межах ад некалькіх вольт да некалькіх соцень кілавольт. Намінальнае напружанне залежыць ад канструкцыі кандэнсатара і ўласцівасцей выкарыстаных матэрыялаў. Для многіх тыпаў кандэнсатараў з павелічэннем тэмпературы дапушчальнае напружанне памяншаецца.