§ 22-2. Дыэлектрыкі ў электрастатычным полі

Даследуючы з'яву электрызацыі праз уплыў, англійскі фізік Стэфан Грэй (1670–1736) вызначыў у 1729 г., што рэчывы можна падзяліць на два класы: здольныя пераносіць электрычныя зарады і тыя, якія гэтай уласцівасцю не валодаюць. Адпаведныя тэрміны «праваднік» і «ізалятар» прапанаваў у 1742 г. англічанін Жан Тэафіл Дэзагюлье (1683–1744). Добрыя дыэлектрычныя ўласцівасці маюць бурштын, шкло, эбаніт, гума, шоўк, пластмаса, слюда, фарфор. Что адбываецца ў дыэлектрыку, змешчаным у электрастатычнае поле?

Дыэлектрыкі. Тэрмін «дыэлектрык» увёў Фарадэй у 1838 г. для абазначэння рэчыва, у якое пранікае электрастатычнае поле («дыэлектрык» ад грэч. dia — праз, скрозь і англ. еlectric — электрычны). У дыэлектрыку ўсе электроны звязаны з ядрамі атамаў. Электрастатычнае поле не адрывае іх ад атамаў, а толькі злёгку ссоўвае адносна дадатна зараджаных ядраў. Дыэлектрык утрымлівае толькі звязаныя зарады, гэта значыць зарады, якія ўваходзяць у склад атамаў (малекул) дыэлектрыка і пазбаўлены магчымасці свабодна перамяшчацца пад дзеяннем электрастатычнага поля.

Высветлім, што адбываецца ў дыэлектрыку, змешчаным у электрастатычнае поле.

Правядзём дослед. Доўгую драўляную ненаэлектрызаваную лінейку размесцім на падстаўцы так, каб яна магла свабодна паварочвацца (мал. 118.7). Наэлектрызуем шкляную (ці эбанітавую) палачку і паднёсём яе да аднаго з канцоў лінейкі. Лінейка пачне паварочвацца. Такім чынам, незараджаны дыэлектрык, якім з'яўляецца драўляная лінейка, прыцягваецца да зараджанага цела. 

Мал.
Мал. 118.7

Падобныя паводзіны дыэлектрыка магчымыя толькі пры ўмове з'яўлення на яго канцах лішніх зарадаў, супрацьлеглых па знаку.