§ 22-1. Праваднікі ў электрастатычным полі

Электрастатычная індукцыя. У адпаведнасці з законам захавання электрычнага зараду модулі залішніх зарадаў, якія ўзнікаюць на супрацьлеглых паверхнях першапачаткова незараджанага правадніка пры ўнясенні яго ў электрастатычнае поле, павінны быць аднолькавымі. Праверым гэта з дапамогай доследу.

Замацуем на неправодных стрыжнях два шчыльна прылеглыя металічныя цыліндры А і В з прымацаванымі да іх лісткамі тонкай паперы. Змесцім цылінды ў электрастатычнае поле дадатна зараджанага шара (мал. 118.4, а). Лісткі паперы разыдуцца, што сведчыць пра з'яўленне зарадаў на цыліндрах. Свабодныя электроны пад дзеяннем поля, створанага зарадам шара, перамесцяцца з цыліндра В на цыліндр А, зарадзіўшы яго адмоўна. Цыліндр В з-за недахопу электронаў стане дадатна зараджаным.

Электрастатычная індукцыя, або электрызацыя праз уплыў, — з’ява, пры якой на паверхні правадніка (у дадзеным выпадку на паверхні злучаных цыліндраў), змешчанага ў электрастатычнае поле, з'яўляюцца электрычныя зарады. Электрычныя зарады, якія ўзнікаюць у выніку электрастатычнай індукцыі, называюць індуцыраванымі.

Калі зараджаны шар прыбраць, то вугал разыходжання лісткоў паперы зменшыцца да нуля. Гэта можна растлумачыць тым, што пры адсутнасці электрастатычнага поля, створанага зарадам шара, электроны раўнамерна размяркоўваюцца па ўсім аб’ёме абодвух цыліндраў.

Мал.
Мал. 118.4

Пры раз'яднанні цыліндраў у полі зараджанага шара на іх застануцца супрацьлеглыя па знаку зарады (мал. 118.4, б), модулі якіх роўныя. Гэтыя зарады захаваюцца і ў тым выпадку, калі зараджаны шар, які стварае поле, прыбраць (мал. 118.4, в). Толькі ў гэтым выпадку зарады будуць каля суседніх асноў цыліндраў. У тым, што модулі зарадаў абодвух цыліндраў роўныя, можна пераканацца, злучыўшы іх (мал. 119.4, г): вугал паміж лісткамі стане роўны нулю.

Ад тэорыі да практыкі

На дзвюх шаўковых неафарбаваных нітках падвешаны дзве металічныя незараджаныя гільзы. Ці будуць узаемадзейнічаць гільзы, калі адну з іх зарадзіць? Калі так, то як: будуць прыцягвацца або адштурхвацца?