§ 13. Колькасць цеплаты
Колькасць цеплаты і ўдзельная цеплаёмістасць. Колькаснай мерай энергіі, перададзенай целу (або аддадзенай ім) у працэсе цеплаабмену, з’яўляецца колькасць цеплаты.
У СІ адзінкай колькасці цеплаты Q з’яўляецца джоўль (Дж). Часам для вымярэння колькасці цеплаты выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — калорыю (1 кал = 4,19 Дж).
Калі працэс цеплаабмену не суправаджаецца змяненнем агрэгатнага стану рэчыва, то
Q = cm(T2 – T1),
дзе m — маса цела; T2 – T1 = ∆T — рознасць тэмператур у канцы і ў пачатку працэсу цеплаабмену; с — удзельная цеплаёмістасць рэчыва — фізічная велічыня, лікава роўная колькасці цеплаты, якую атрымлівае рэчыва масай 1 кг пры павелічэнні яго тэмпературы на 1 К. Удзельную цеплаёмістасць вымяраюць у джоўлях, падзеленых на кілаграм і кельвін .
Удзельная цеплаёмістасць залежыць ад уласцівасцей дадзенага рэчыва і, як паказваюць доследы, у дастаткова вялікім інтэрвале тэмператур практычна не змяняецца. Аднак удзельная цеплаёмістасць газу залежыць ад таго, пры якім працэсе (ізабарным або ізахорным) ажыццяўляецца цеплаабмен.
У якога з рэчываў, прыведзеных у табліцы, змена тэмпературы будзе максімальнай пры перадачы ім аднолькавай колькасці цеплаты, калі іх масы роўныя?
Рэчыва | алюміній | жалеза | волава | свінец | цынк |
Удзельная цеплаёмістасць с, | 0,92 | 0,46 | 0,25 | 0,12 | 0,40 |
Цікава ведаць
Фізічная велічыня, роўная здабытку масы цела на ўдзельную цеплаёмістасць рэчыва, носіць назву цеплаёмістасць цела. Абазначаюць цеплаёмістасць С і вымяраюць у джоўлях, падзеленых на кельвін . Цеплаёмістасць, у адрозненне ад удзельнай цеплаёмістасці, з’яўляецца цеплавой характарыстыкай цела, а не рэчыва.