§ 7. Будова і ўласцівасці цвёрдых цел
Монакрышталі і полікрышталі. Існуюць адзінкавыя крышталі, якія называюць монакрышталямі. Яны могуць мець даволі значныя памеры. Сустракаюцца крышталі горнага хрусталю, памеры якіх сувымерныя з ростам чалавека.
Монакрышталі — цвёрдыя целы, якія маюць ва ўсім аб’ёме адзіную крышталічную рашотку.
Характэрнай асаблівасцю монакрышталёў з’яўляецца іх анізатрапія, гэта значыць залежнасць фізічных уласцівасцей (механічных, цеплавых, электрычных, аптычных) ад напрамку ўнутры крышталя. Анізатрапія монакрышталёў абумоўлена адрозненнем у шчыльнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы па розных напрамках. На малюнку 47 паказана, што адлегласці паміж атамнымі плоскасцямі ў крышталі неаднолькавыя (d1 < d2). Таму, у прыватнасці, будуць адрознівацца і сілы, неабходныя для яго разрыву (F1 > F2). Напрыклад, кавалак слюды даволі лёгка расслаіць у адным з напрамкаў на тонкія пласцінкі, але для таго, каб разарваць яго ў напрамку, які перпендыкулярны пласцінкам, спатрэбяцца вельмі значныя намаганні.
Цікава ведаць
Анізатрапія ўласцівая некаторым матэрыялам біялагічнага паходжання. Напрыклад, касцявым і мышачным тканкам чалавека і жывёл. Ёю валодаюць таксама драўніна і лісце, трава і інш.
Большасць крышталічных цвёрдых цел з’яўляюцца полікрышталямі.
Полікрышталі — цвёрдыя целы, што складаюцца з вялікай колькасці маленькіх крышталёў, якія зрасліся паміж сабой.
У адрозненне ад монакрышталёў полікрышталі ізатропныя, гэта значыць іх уласцівасці аднолькавыя па ўсіх напрамках. Гэта вынік таго, што полікрышталь складаецца з вялікай колькасці хаатычна арыентаваных маленькіх монакрышталёў.
Вы самі можаце ў хатніх умовах вырасціць монакрышталі (мал. 48, а) і полікрышталі (мал. 48, б) меднага купарвасу (сульфату медзі(II) CuSO4).
Крышталічныя целы маюць пэўную тэмпературу плаўлення tпл, якая не змяняецца ў працэсе плаўлення пры пастаянным ціску. Залежнасць тэмпературы крышталічнага цела ад атрыманай ім колькасці цеплаты паказана на малюнку 49, графік 1.
1. Чаму шар, выраблены з монакрышталя, пры награванні змяняе не толькі свой аб’ём, але і форму?
2. Ці будзе пры награванні шара, вырабленага са сталі, змяняцца не толькі аб’ём, але і форма?