§ 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ

Успамінаем. Якія асноўныя формы рассялення склаліся ў залежнасці ад фізіка-геаграфічных умоў у працэсе засялення Зямлі людзьмі? Што такое населены пункт? Якія тыпы населеных пунктаў вы ведаеце? Што вы разумееце пад працэсам урбанізацыі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як горад уплывае на навакольнае асяроддзе? Спецыялісты якіх прафесій неабходныя для вырашэння праблем развіцця горада?

Асноўнай прыкметай гарадскога і сельскага рассялення выступае характар занятасці насельніцтва. Таму для сельскіх населеных пунктаў гэта занятасць у сельскагаспадарчай сферы дзейнасці, для гарадскіх — у нясельскагаспадарчай сферы (прамысловасць, сфера паслуг).

Акрамя гэтага, для аднясення населенага пункта да гарадскога тыпу важную ролю адыгрывае колькасць насельніцтва. Як правіла, яна павінна быць больш, чым у сельскіх населеных пунктах.

Аднак у свеце няма выразных крытэрыяў колькасці насельніцтва для горада і назіраюцца розныя падыходы па краінах і рэгіёнах. У большасці краін Еўропы выкарыстоўваюць сярэдні цэнз 2000 чал. У ЗША — 2500 чал. пры шчыльнасці насельніцтва 1000 чал. на кв. мілю, у Канадзе — 1000 чал. пры шчыльнасці 400 чал./км2.

У Афрыцы з-за нізкага ўзроўню ўрбанізацыі ў шэрагу краін выразныя крытэрыі колькасці насельніцтва горада адсутнічаюць. Разам з тым у Батсване і Замбіі гэта 5000 чал., Эфіопіі, Ліберыі — 2000 чал.

У краінах Азіі парог колькасці насельніцтва для горада значна вышэй, чым у іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Індыі цэнз складае 5000 чал. альбо не менш за 1000 чал. на кв. мілю, у Японіі — 50 000 чал., Малайзіі — 10 000 чал. У дзяржавах Лацінскай Амерыкі сярэдні цэнз велічыні горада — 2000–2500 чал.