§ 10. МІЖНАРОДНАЯ МІГРАЦЫЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Успамінаем. Праблемы якога характару спрыяюць міжнароднай міграцыі? Успомніце падзеі, што выклікалі найбольш маштабныя перамяшчэнні людзей у гісторыі чалавецтва. Якія праблемы яны пацягнулі за сабой?

Для чаго мы гэта вывучаем? Што неабходна прадпрымаць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Якія праблемы цягне за сабой міжнародная міграцыя?

Краінамі з найбольшай доляй імігрантаў у структуры насельніцтва з'яўляюцца ААЭ (88,4 %), Кувейт (75 %), Катар (65,5 %).

Краінамі з найбольшай доляй эмігрантаў у структуры насельніцтва з'яўляюцца малыя па плошчы і астраўныя дзяржавы — Дамініка (49 %), Антыгуа і Барбуда (44 %), Сент-Кітс і Невіс (42 %). Гэта тлумачыцца адсутнасцю магчымасцей для маладога і працаздольнага насельніцтва атрымаць адукацыю, знайсці працу і інш.