§ 44. Цэлюлоза
Прымяненне цэлюлозы
Валокны лёну і бавоўны, якія ў асноўным складаюцца з цэлюлозы, выкарыстоўваюць для вырабу нітак і тканін.
Складаныя эфіры цэлюлозы з воцатнай кіслатой выкарыстоўваюць для атрымання штучнага ацэтатнага валакна (ацэтатнага шоўку).
Цэлюлоза, вылучаная з драўніны, выкарыстоўваецца для вырабу паперы. Для атрымання паперы здробненую драўніну вараць у прысутнасці кіслотных або шчолачных рэагентаў. Тэхнічную цэлюлозу, якая атрымліваецца пасля варкі, ачышчаюць і адбельваюць. Да пачатку XIX стагоддзя аркушы паперы выраблялі ўручную шляхам вычэрпвання папяровай масы формай з сеткаватым дном і сушкай асобных аркушаў, але ў 1806 годзе была запатэнтавана першая папераробная машына, якая фармавала паперу на канвеернай сетцы, што бесперапынна рухалася, і намотвала яе на вялікія рулоны.
Папера з чыстай цэлюлозы занадта порыстая, чарніла і фарбы на ёй расплываюцца. Такім матэрыялам з’яўляецца фільтравальная папера, якая маецца ў кабінеце хіміі. Пры атрыманні высакаякаснай паперы для пісьма і капіравальнай тэхнікі ў папяровую масу ўводзяць спецыяльныя дабаўкі (мел і іншыя напаўняльнікі, адбельвальнікі, клей). Паверхню паперы для капіравальнай тэхнікі падвяргаюць спецыяльнай апрацоўцы, каб пазбегнуць назапашвання на ёй статычнай электрычнасці. Таму нядзіўна, што некаторыя гатункі паперы каштуюць даволі дорага.
У арганізме чалавека няма ферментаў, здольных расшчапляць сувязі паміж астаткамі β-глюкозы. Таму, у адрозненне ад крухмалу, цэлюлоза не можа быць пажыўным рэчывам для чалавека. Аднак жвачныя жывёлы маюць у страўніку мікраарганізмы, здольныя расшчапляць малекулы цэлюлозы, таму для жвачных жывёл цэлюлоза з’яўляецца крыніцай энергіі.
Цэлюлоза з’яўляецца прыродным поліцукрыдам, яна змяшчаецца ў клетачных сценках раслін.
Малекулярная формула цэлюлозы (C6H10O5)n.
Макрамалекулы цэлюлозы складаюцца з астаткаў β-глюкозы, звязаных паміж сабой кіслароднымі масткамі.
У адрозненне ад крухмалу, макрамалекулы цэлюлозы маюць неразгалінаваную будову, таму могуць размяшчацца паралельна адна адной і ўтвараць паміж сабой мноства вадародных сувязей. Гэтым тлумачыцца высокая трываласць цэлюлозы.
У выніку поўнага гідролізу цэлюлозы ўтвараецца глюкоза.
Цэлюлоза ўтварае складаныя эфіры з воцатнай і азотнай кіслотамі.
Цэлюлозу выкарыстоўваюць для атрымання валокнаў, паперы, бяздымнага пораху.