§ 42. Фруктоза. Цукроза
Атрыманне цукрозы
Цукроза змяшчаецца ў цукровым трыснягу і цукровых бураках. Таму атрыманне цукрозы зводзіцца да яе вылучэння з соку гэтых раслін.
Для атрымання цукру з цукровага трыснягу яго прэсуюць, сок, які вылучыўся, ачышчаюць і выпарваюць.
У Беларусі цукар атрымліваюць з цукровых буракоў. Найбуйнейшыя ў нашай краіне цукровыя заводы размешчаны ў Скідзелі, Гарадзеі і Слуцку. Для атрымання цукру вымытыя цукровыя буракі здрабняюць і апрацоўваюць гарачай вадой. У выніку цукроза з цукровых буракоў пераходзіць у водны раствор. Акрамя цукрозы ў раствор пераходзіць і шмат іншых рэчываў, якія змяшчаюцца ў цукровых бураках, таму атрыманы раствор падвяргаюць шматразовай ачыстцы. Ачышчаны цукровы сіроп упарваюць, крышталі цукрозы, якія ападаюць, адфільтроўваюць і атрымліваюць цукар.
Малекулярная формула фруктозы С6Н12О6.
Фруктоза і глюкоза з’яўляюцца ізамерамі.
У лінейнай форме фруктозы маецца кетонная група і пяць гідраксільных груп.
Малекулярная формула цукрозы С12Н22О11.
Цукроза з’яўляецца дыцукрыдам і складаецца з астаткаў глюкозы і фруктозы, звязаных кіслародным мастком.
Цукроза ўступае ў якасную рэакцыю на мнагаатамныя спірты, утвараючы са свежаасаджаным гідраксідам медзі(II) раствор васількова-сіняга колеру.
Цукроза не дае якасных рэакцый на альдэгідную групу.
У выніку гідролізу цукрозы ўтвараюцца глюкоза і фруктоза.
Цукрозу атрымліваюць з цукровага трыснягу і цукровых буракоў.