§ 5. Прадмет арганічнай хіміі. Тэорыя будовы арганічных рэчываў
Выяўленне вугляроду і вадароду ў саставе арганічных рэчываў
У састаў усіх арганічных рэчываў уваходзіць вуглярод. Большасць арганічных злучэнняў змяшчае таксама атамы вадароду. Доказам таго, што ў састаў арганічных злучэнняў уваходзяць вуглярод і вадарод, з’яўляецца наступны дослед.
У прабірку змяшчаюць аксід медзі(II) і парафін. Парафін уяўляе сабой сумесь цвёрдых вуглевадародаў (арганічных рэчываў, якія складаюцца з вугляроду і вадароду). Прабірку замацоўваюць гарызантальна ў лабараторным штатыве (мал. 5.1). На сценку прабіркі бліжэй да яе верхняй часткі асцярожна змяшчаюць бязводны сульфат медзі(II). Бязводны сульфат медзі(II) CuSO4 мае белы колер, у адрозненне ад блакітнага меднага купарвасу CuSO4 ∙ 5H2O. Закаркоўваюць прабірку коркам з газаадводнай трубкай, канец трубкі змяшчаюць у шклянку з празрыстай вапнавай вадой (водны раствор гідраксіду кальцыю Ca(OH)2). Прабірку награваюць у полымі спіртоўкі.
Аксід медзі(II) у дадзеным доследзе выступае ў ролі акісляльніка. Ён акісляе вуглевадароды да СO2 і вады, пры гэтым аксід медзі(II) аднаўляецца да медзі. Напрыклад, для вуглевадароду C18H38, які ўваходзіць у састаў парафіну, рэакцыю, якая працякае, можна адлюстраваць ураўненнем:
У ходзе эксперымента назіраюцца наступныя з’явы. На сценках прабіркі з’яўляюцца кропелькі вады, пры гэтым белы сульфат медзі(II) набывае блакітны колер, так як ператвараецца ў медны купарвас:
Вуглякіслы газ, які вылучаецца, выклікае памутненне вапнавай вады, так як утвараецца белы асадак CaCO3:
Астатак рэакцыйнай сумесі набывае чырвонае адценне з-за ўтварэння металічнай медзі. Такім чынам, гэты дослед даказвае наяўнасць вугляроду і вадароду ў малекулах арганічнага рэчыва.