§ 21. Гуманізм і Адраджэнне
3-1. Жанчына ў эпоху Рэнесансу
У эпоху Адраджэння адбылося пераасэнсаванне месца і ролі жанчыны ў грамадстве і культуры. З'явіўся новы вобраз жанчыны — прадстаўніцы шляхты, юнай арыстакраткі, якая мела асаблівую цягу да вучобы і імкнулася да большай самастойнасці. Аднак нярэдка такім жанчынам аказвалася складаней распараджацца маёмасцю і заяўляць пра сябе ў палітыцы, чым прадстаўніцам эпохі Сярэднявечча.
Тым не менш у XVI ст. было нямала жанчын-правіцельніц. Самыя вядомыя з іх — каралевы Кацярына Медычы ў Францыі, Марыя Сцюарт у Шатландыі, Ізабэла Кастыльская ў Іспаніі, Марыя I Цюдор і Лізавета I у Англіі.
Аднак такое становішча задавальняла не ўсіх. Шатландскі багаслоў і рэфарматар Джон Нокс у творы «Першы трубны голас супраць жахлівага рэжыму жанчын» люта асуджаў жанчын-палітыкаў: «Заахвочваць жанчыну да панавання, перавагі, валадарства або імперскага праўлення над любой дзяржавай, народам ці горадам агідна па прыродзе, гэта абраза ў адносінах да Бога і падрыў правільнага парадку ... і справядлівасці».
У эпоху Адраджэння з'явіліся ўнікальныя мадэлі ўладкавання грамадства, у межах якіх было пераасэнсавана месца жанчын. Праўда, гэтыя мадэлі часткова ўвасобіліся ў жыццё толькі ў XX ст. Упершыню ў еўрапейскай гісторыі з'явілася рэвалюцыйная па сваёй сутнасці думка аб роўнасці мужчын і жанчын. Гэтую ідэю, у прыватнасці, абвясціў у знакамітай «Утопіі» Томас Мор. У сваёй ідэальнай дзяржаве ён дазволіў жанчынам нароўні з мужчынамі ўдзельнічаць у жыцці краіны, займацца земляробствам, вывучаць рамёствы, станавіцца святарамі, служыць у войску, атрымліваць адукацыю. Выхаваннем жа дзяцей, на думку аўтара «Утопіі», можа займацца ўсё грамадства. Вядома, падобныя погляды былі занадта наватарскімі для таго часу. Большасць сучаснікаў Т. Мора бачылі ў жанчыне ў першую чаргу маці, якая павінна выхоўваць дзяцей.
Становішча жанчын, нягледзячы на іх багацце, моцна адрознівалася ад становішча мужчын. Добра адукаваныя арыстакраткі, дасведчаныя ў жывапісе, музыцы і танцах, упрыгожвалі жыццё сваіх мужоў, ім адводзілася роля клапатлівых жонак і маці. Выключэнне складалі некаторыя ўдовы ў Італіі і Францыі, якія здолелі пасля смерці мужоў-камерсантаў стаць паўнавартаснымі членамі гандлёвых гільдый.
Жанчына з багатай сям'і, як правіла, усё жыццё залежала ад мужчын, якія павінны былі яе матэрыяльна забяспечваць: спачатку ад бацькі, затым ад мужа. Нядзіўна, што вялікая ўвага пры заключэнні шлюбаў надавалася шлюбнаму дагавору, у якім фіксаваўся пасаг нявесты. Прасталюдзінкі не маглі разлічваць на фінансавую падтрымку з боку бацькоў або мужоў. З 12 гадоў дзяўчынкі з простых сем'яў ішлі працаваць, каб забяспечыць сябе і сабраць грошы на пасаг.
Прыкметным дасягненнем Адраджэння стаў паступовы рост колькасці адукаваных жанчын, пераважна з ліку арыстакратыі. Вышэйшая адукацыя заставалася прэрагатывай мужчын. Жанчыны ж атрымлівалі, як правіла, хатнюю адукацыю. Дзякуючы развіццю кнігадрукавання яны сталі актыўна ўключацца ў інтэлектуальнае жыццё.
Значную ролю ў распаўсюджванні кніжнай культуры сярод арыстакратак адыгралі салоны, якія арганізоўваліся свецкімі дамамі пераважна дома. Здабыўшы папулярнасць з 1600-х гг., салоны сталі месцам дыскусій, абмену думкамі. Шырокую вядомасць набылі салоны Маргарыты Валуа і Маргарыты Наварскай у Францыі. Усё больш знатных дам захапляліся паэзіяй, літаратурай і жывапісам. Некаторыя з іх сталі прафесіяналамі ў галіне мастацтва.
Першай прафесійнай пісьменніцай у Еўропе стала ў пачатку XV ст. Крысціна Пізанская. У адной са сваіх паэм яна ўславіла подзвіг Жаны д'Арк — знакамітай Арлеанскай дзевы, гераіні Стогадовай вайны. Яшчэ адна з найбольш адукаваных жанчын Адраджэння — французская пісьменніца і перакладчыца Мары дэ Гурнэ. Самастойна вывучыўшы латынь і гуманітарныя навукі, яна ў 29 гадоў апублікавала сваю першую кнігу. М. дэ Гурнэ займалася перакладамі рымскіх аўтараў, у прыватнасці, Вяргілія. У сваіх працах яна адстойвала права жанчын на адукацыю, уласнасць, доступ да дзяржаўных пасад, атрыманне роўных з мужчынамі магчымасцяў і прывілеяў.
Сваімі творчымі дасягненнямі праславілася італьянская арыстакратка Сафанісба Ангвісола, першая вядомая мастачка эпохі Рэнесансу. Грамадскім прызнаннем яе таленту стала тое, што ў 27 гадоў яна была запрошаная ў Мадрыд да двара Філіпа II у якасці прыдворнай мастачкі. Там яна стварыла знакамітыя партрэты членаў каралеўскай сям'і. Многія мастакі той эпохі вучыліся ў яе і пераймалі яе стыль. Знакаміты Мікеланджэла асабліва высока ацаніў яе талент.
Пра змяненне стаўлення да жанчыны ў еўрапейскім грамадстве эпохі Адраджэння сведчыць культура таго часу. Падпарадкаванне чалавека Богу, якое прапаведавалася ў Сярэднявеччы, змянілася пакланеннем перад прыгажосцю. Пры гэтым асаблівае месца адводзілася адлюстраванню жаночай прыгажосці. У мастацтве Рэнесансу з'явіўся новы ідэал прыгажосці — пачуццёвая, фізічна моцная жанчына-маці. Нядзіўна, што ў эпоху Адраджэння было створана так шмат выяў Венеры і Дзевы Марыі. Бледных, змардаваных жанчын з вялізнымі вачыма, скіраванымі да Бога, на палотнах змянілі бялявыя і золатавалосая прыгажуні Рэнесансу, якія пыхкалі здароўем.