§ 21. Гуманізм і Адраджэнне
3. Мастацтва Адраджэння
У эпоху Адраджэння з’явіліся новыя свецкія кірункі жывапісу, новая скульптура і архітэктура, якія адлюстроўвалі змяненні ў поглядах на навакольнае асяроддзе і на чалавека.
Мастакі, выкарыстоўваючы гульню святла і ценю, навучыліся перадаваць адчуванне прасторы. Усю разнастайнасць свету і багацце асобы чалавека імкнуліся адлюстраваць на сваіх палотнах выдатныя жывапісцы Адраджэння, якія працавалі ў XVI ст.: Леанарда да Вінчы, Рафаэль Санці, Мікеланджэла і Тыцыян у Італіі, Пітэр Брэйгель Старэйшы ў Нідэрландах, Альбрэхт Дзюрэр у Германіі і інш.
Значны ўклад у тэхніку жывапісу ўнеслі фламандскія мастакі. Яны першыя пачалі эксперыментаваць з фарбамі на алейнай аснове. Новыя фарбы, у адрозненне ад ранейшых, тэмперных, высыхалі даўжэй і лягчэй змешваліся. Таму мастакі змаглі перадаваць на сваіх палотнах няўлоўныя цені і самыя тонкія адценні колеру.
У эпоху Рэнесансу мастакі вярнуліся да класічных прынцыпаў грэчаскага і рымскага мастацтва. Яны падарожнічалі па Італіі, чэрпаючы натхненне ў сузіранні старажытнарымскіх збудаванняў і скульптур.
Каб рэалістычна адлюстроўваць чалавечае цела, мастакі звярнуліся да анатоміі, якую яны сталі вывучаць па целах памерлых. З прычыны ганенняў царквы рабіць гэта даводзілася патаемна. У эпоху Адраджэння дзякуючы вывучэнню будовы чалавечага цела было створана шмат шэдэўраў скульптуры і жывапісу.
Радыкальныя змены адбыліся і ў архітэктуры. Інжынерныя прынцыпы, распрацаваныя Філіпа Брунелескі ў XV ст., выкарыстоўваў пры праектаванні купала сабора Св. Пятра ў Рыме знакаміты Мікеланджэла Буанароці.