§ 21. Гуманізм і Адраджэнне
2-1. Змены ў духоўным жыцці і культуры
Культура Адраджэння насіла свецкі, антырэлігійны характар, яна сцвярджала гуманістычныя ідэалы гарманічнай, свабоднай творчай асобы. Гэта выклікала грандыёзны пераварот у сістэме духоўных каштоўнасцей, вывеўшы на пярэдні план не пакланенне Богу, а цікавасць да чалавека. Гуманісты былі глыбока веруючымі людзьмі, аднак з абурэннем ставіліся да заган каталіцкай царквы. Сярэднявечча яны ацэньвалі як час рэлігійнай цемры і невуцтва.
Адным з самых вядомых крытыкаў царквы стаў галандскі мысліцель, навуковец і багаслоў Эразм Ратэрдамскі. У творы «Пахвала дурасці» ён выказаў агіду да фальшывай маралі і паразітычнага ладу жыцця каталіцкага духавенства. Вучоны-гуманіст патрабаваў вяртання да сапраўднай хрысціянскай маралі. Мэту жыцця чалавека ён бачыў у тым, каб прытрымлівацца законаў высокай маральнасці, а магчымасць пабудовы ідэальнага грамадства звязваў з ростам духоўнасці.
У XVI ст. рух гуманістаў ахапіў большасць еўрапейскіх краін: ад Англіі і Нідэрландаў да Германіі і Швейцарыі, ад Пірэнейскага паўвострава да Польшчы і Венгрыі.