Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі)

* Вершатворчасць на беларускай мове

Выдатным прадстаўніком літаратуры барока з’яўляецца Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч) (1629—1680) — пісьменнік, асветнік, філосаф, педагог.

Паходзіў ён з заможнай полацкай сям’і. Вучыўся спачатку ў Кіева-Магілянскай калегіі — адной з лепшых навучальных устаноў таго часу, а пасля — у Віленскай акадэміі. У 1656 годзе пастрыгся ў манахі. А праз восем гадоў прыняў запрашэнне рускага цара Аляксея Міхайлавіча і пераехаў у Маскву.

Сімяон Полацкі арганізаваў у Маскве лацінскую школу для служачых Прыказа тайных спраў. А ў 1667 годзе яго афіцыйна прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей — царэвічаў Аляксея, Фёдара і царэўны Соф’і.

Наглядаў беларускі асветнік і за навучаннем будучага цара Пятра І, для якога выдаў у 1679 годзе «Букварь языка славенска, сиречь начало учения детям, хотящим учиться чтению и писанию».

Творчая спадчына Сімяона Полацкага шматгранная. Ён пісаў сатыру, драматычныя і багаслоўскія творы, віршы, павучанні, словы.

Сімяон Полацкі імкнуўся да ўдасканалення літаратурнага майстэрства, займаўся паэтычнымі эксперыментамі. Яшчэ ў кіеўскі і віленскі перыяды ён напісаў кнігу «Розныя вершы» на польскай і лацінскай мовах. Творы зборніка вызначаліся дыдактызмам і маралізатарствам, як, напрыклад, верш «Папярэджвай на пачатку», дзе паэт-настаўнік дасціпна і даходліва тлумачыў, чаму варта пазбягаць ліхіх думак:

   Дубчык маладзенькі як хочаш скіруеш —
   Дрэва ж старое ўжо не напрастуеш.
   Рэчку з вытоку ўтаймаваці можна,
   А разальецца — грэбля не паможа.
   Полымя ў іскры тушаць: разгарыцца —
   Можа так стацца — вады не збаіцца.
                        <...>
    Гэтак і думак брыдкіх не трымайся —
    Выкінь без жалю, з імі развітайся.

Навукоўцы гавораць. Беларускамоўная пісьмовая культура да ХVI стагоддзя не ведала самавызначэння «пісьменнік». Нават Сімяон Полацкі акрэсліваў сябе як «делатель Симеон Полоцкий».

А лацінамоўныя, а потым і польскамоўныя паэты Беларусі лічылі сябе прыналежнымі да цэху літаратараў. Выхаваныя на заходнееўрапейскай культурнай традыцыі, гэтыя аўтары эпох Рэнесансу і барока лічылі паэта другім богам, а значыць творцам (Паводле Уладзіміра Кароткага).

Барочная эстэтыка з яе ўскладненасцю формы і пышнай дэкаратыўнасцю найбольш яскрава выявілася ў графічных, або фігурных, вершах Сімяона Полацкага — каліграмах. У яго набытку ёсць фігурныя вершы ў выглядзе крыжа, сэрца, васьміканцовай зоркі, серпанцінавай стужкі, геаметрычных фігур. Паэт таксама захапляўся стварэннем неалагізмаў, слоўнай гульнёй — прыёмам, што быў закліканы забаўляць чытачоў, якія стаміліся ад навучання. Дзякуючы звароту да рэбуснай паэтыкі пісьменнік раскрыў не толькі талент вершатворцы-эксперыментатара, але і здольнасці педагога-наватара. 

Асветнік актыўна займаўся і перакладчыцкай працай: ён ажыццявіў адзін з першых усходнеславянскіх паэтычных перакладаў Песняў цара Давіда і выдаў іх асобнай кнігай «Псалтыр рыфматворная». 

Прапаведніцкае майстэрства Сімяона Полацкага раскрылася ў зборніках пропаведзяў «Абед духоўны» і «Вячэра духоўная», кожны з якіх налічвае больш за 1500 старонак. Таксама вядомы яго паэтычныя зборнікі «Вертаград1 шматкветны», дзе ў вершаванай форме пададзены звесткі з гісторыі, геаграфіі, антычнай міфалогіі, тэалогіі, і «Рыфмалагіён», куды ўвайшлі творы патрыятычнага зместу. Вядомы і драматычныя творы пісьменніка. 

Часам асветнік запазычваў вобразы, сюжэты, матывы з антычнай літаратуры, інтэрпрэтаваў іх. У нейкай ступені ён спрыяў распаўсюджванню жанру байкі, бо пісаў і гумарыстычныя творы. Сваёй дзейнасцю Сімяон Полацкі сцвярджаў у свядомасці сучаснікаў уяўленне пра асаблівую каштоўнасць пісьменніцкай працы.

 Дзейнасць Сімяона Полацкага аказала ўплыў на развіццё кнігадрукавання, а таксама сілабічнай паэзіі і драматургіі ў Расіі.

Паэт змог пераканаць цара, што друкарская справа прынясе таму «славу и прибыток», — і адкрыць друкарню ў Маскве.

Тамсама наш зямляк быў пачынальнікам стылю барока, які ў апошняй трэці ХVІІ стагоддзя стаў вядучым у маскоўскай прыдворнай культуры. Расійскія літаратуразнаўцы ўказвалі таксама на факт уплыву беларускай драматургіі на рускую, згадваючы менавіта імя беларускага асветніка (Паводле Уладзіміра Каялы).

_______________________

1Вертагра´д — сад; абгароджаныя пасадкі.