§ 21. Гуманізм і Адраджэнне
2. Гуманізм — філасофія Адраджэння
На рубяжы Сярэдніх вякоў і Новага часу ў процівагу царкоўнаму погляду на чалавека як на нікчэмную і грахоўную істоту ўзнік новы светапогляд — гуманізм (ад лац. humanus — людскі, чалавечны). Яго прыхільнікаў пачалі называць гуманістамі. Гуманізм стаў філасофскай асновай, ідэалогіяй еўрапейскага Адраджэння.
Гуманістаў прываблівалі перш за ўсё чалавек і яго справы. Рэлігійны ідэал адмаўлення ад радасцяў жыцця, уласцівы Сярэднявеччу, змяніўся жывой цікавасцю да свету. Мэтай чалавечага існавання абвяшчаліся радасць і асалода ад жыцця, актыўныя дзеянні, накіраваныя на зацвярджэнне свайго месца ў свеце. Як абвясціў італьянскі гуманіст Дж. Піка дэла Мірандала, чалавеку «дадзена валодаць тым, чаго пажадае, і быць тым, кім хоча». Прызнанне неабмежаваных магчымасцяў чалавечага розуму стала неад’емнай часткай самасвядомасці прадстаўнікоў культуры Адраджэння.
Гуманісты абвясцілі права чалавека на шчасце ў зямным, а не замагільным жыцці, права на свабоду, справядлівасць і лепшае грамадскае ўладкаванне. Аднак не трэба ідэалізаваць гуманізм і ігнараваць яго ўнутраныя супярэчнасці. Разнявольваючы чалавечую асобу ад духоўнай улады каталіцкай царквы, гуманізм у той жа час садзейнічаў выхаванню глыбокага індывідуалізму, здольнага аказаць негатыўны ўплыў на ўзаемадзеянне людзей у соцыуме. Прыхільнікі гуманістычных ідэй былі выхадцамі з вышэйшых слаёў грамадства. Яны з пагардай ставіліся да беднякоў і звярталіся, як правіла, да багацеяў і арыстакратаў з заклікам атрымліваць дарагую адукацыю.
У XVI ст. гуманістычны рух ахапіў большасць еўрапейскіх краін: ад Англіі і Нідэрландаў да Германіі і Швейцарыі, ад Пірэнейскага паўвострава да Польшчы і Венгрыі.
Асноўныя ідэі Рэнесансу знайшлі адлюстраванне ў літаратуры. Італьянскія пісьменнікі Франчэска Петрарка, Джавані Бакача, пісьменнікі-гуманісты Франсуа Рабле з Францыі, Уільям Шэкспір з Англіі, Мігель дэ Сервантэс з Іспаніі накіравалі свой позірк на чалавека як асобу, вольную ад рэлігійных забабонаў, са складанымі пачуццямі, імкненнем пазнаць навакольны свет праз разважлівасць і асабісты вопыт.