ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны напрамак
Рэнесанс
Эстэтыка Рэнесансу стала адказам культуры на схаластыку і дагматызм Сярэдневякоўя, што выявілася ў з’яўленні пратэстантызму. Гэты этап таксама называюць Адраджэннем, што азначае абнаўленне, зварот пісьменнікаў, мысліцеляў, мастакоў да антычнай культуры і перайманне яе ўзнёслых ідэалаў.
Схаластыка — сярэдневяковая філасофія, у якой дзеля тэарэтычнага абгрунтавання рэлігійных дагматаў выкарыстоўваюцца фармальныя, абстрактныя лагічныя аргументы. |
Рэнесансны стыль мае на ўвазе погляд на антычнасць вачыма людзей з Сярэдневякоўя — прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў, перш за ўсё гараджан, якія вывучалі філасофію, а таксама паэтаў, мастакоў. Аб’ектам пазнання для іх у мастацтве і навуках стаў чалавек. Адсюль і назва гэтых дзеячаў — гуманісты.
У еўрапейскіх літаратурах запатрабаваным эпічным жанрам Рэнесансу была навела, у лірыцы найбольш ярка праявіўся санет, набыла папулярнасць драматургія. У літаратуры Вялікага Княства Літоўскага развіваліся жанры сілабічнай паэзіі (у ліку іншых — эпічная паэма), рэлігійна-філасофскай публіцыстыкі, летапіснай, мемуарнай літаратуры, дзелавога пісьменства, што адлюстравалася ў творчасці Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага.