Абагульняльныя пытанні і заданні

Да тэмы 2. СЛАВЯНСКІ СВЕТ

1. Назавіце славянскія дзяржавы, якія з’явіліся і існавалі ў Сярэднявеччы, пакажыце іх на карце, суаднясіце час іх існавання з перыядамі Сярэднявечча.

2. Прачытайце ўрывак з твора візантыйскага імператара Маўрыкія Стратэга (канец VI ст.) і выканайце заданні.

Плямёны славян і антаў падобныя сваім ладам жыцця, сваім норавам, сваім імкненнем да свабоды; іх ніякім чынам нельга схіліць да рабства або падпарадкавання ў сваёй краіне. Яны шматлікія, вынослівыя, лёгка трываюць гарачыню, холад, дождж, галізну, недахоп ежы. Да прыбылых да іх іншаземцаў яны ставяцца ласкава і аказваючы ім знакі сваёй прыхільнасці [пры пераходзе іх] з аднаго месца ў іншае, ахоўваючы іх у выпадку неабходнасці… Тых, хто знаходзіцца ў іх у палоне, яны не трымаюць у рабстве, як іншыя плямёны, на працягу неабмежаванага часу, але, абмяжоўваючы [тэрмін рабства] пэўным часам і [робячы] вядомым выкуп, прапануюць ім на выбар: ці жадаюць яны вярнуцца да сябе дадому або застацца… на становішчы свабодных і сяброў?

Яны селяцца ў лясах, каля цяжкапраходных рэк, балот і азёр, робяць у сваім жыллі шмат выхадаў з-за магчымасці надыходу… небяспекі.

Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, густа парослых лесам, у цяснінах, на стромах; з выгадай для сябе карыстаюцца [засадамі], раптоўнымі атакамі, хітрыкамі…

Мужна вытрымліваюць яны знаходжанне ў вадзе… Пры гэтым яны трымаюць у роце спецыяльна апрацаваныя вялікія выдзеўбаныя ўнутры чараціны, што даходзяць да паверхні вады… дыхаючы з іх дапамогай… Кожны ўзброены дзвюма невялікімі дзідамі, некаторыя маюць таксама шчыты… Яны карыстаюцца таксама драўлянымі лукамі і невялікімі стрэламі, намочанымі асаблівай для стрэл атрутай…

1. На якія звычаі славян звяртае ўвагу аўтар? Пералічыце іх. Як яны характарызуюць славян? 2. Растлумачце, чаму аўтара цікавяць менавіта тыя рысы жыцця славян, якія ён апісаў. 3. Вызначце, якія сцвярджэнні з’яўляюцца памылковымі: а) усходнія славяне першыя засялілі Усходнюю Еўропу; б) усходнія славяне падпарадкавалі ўсе плямёны, якія пражывалі на тэрыторыі Усходняй Еўропы; в) славяне і мясцовыя плямёны аказвалі ўзаемны ўплыў адно на аднаго; г) некаторыя славянскія багі мелі іранскія імёны. Растлумачце свой адказ.

3. Ахарактарызуйце развіццё славянскіх дзяржаў перыяду Сярэднявечча па плане: а) палітыка, б) сацыяльна-эканамічнае развіццё, в) культура.

4. Якія асаблівасці дзяржаўнага ладу славянскіх краін вы можаце назваць?

5. Якія з дасягненняў славянскіх народаў перыяду Сярэднявечча ў галіне палітыкі, эканамічнага жыцця, навукі і культуры да гэтага часу значныя?

6. Назавіце выбітных славянскіх дзеячаў перыяду Сярэднявечча, якія лічацца знакавымі фігурамі а) палітыкі; б) навукі; в) культуры. З выкарыстаннем дадатковых крыніц інфармацыі падрыхтуйце прэзентацыю пра аднаго з іх і прадстаўце яе класу ў выглядзе аўтабіяграфіі, буклета, рэзюмэ, флаера, інфаграфікі, водгука сучасніка і г. д. (абярыце адзін найбольш цікавы для вас варыянт).