§ 6. Старажытны Рым
5. Рымская імперыя: ад супольнасці грамадзян да грамадства падданых
Рымскі палкаводзец Гай Юлій Цэзар (100–44 гг. да н. э.) пачаў паход на поўнач ад Альпаў супраць плямёнаў галаў (кельтаў) у 58 г. да н. э. Праз 8 гадоў тэрыторыя была падпарадкавана і ўзнікла правінцыя Галія. Упершыню ваенны ўплыў Рыма пашырыўся на землі ў Еўропе за межамі Міжземнамор’я і на поўнач ад Альпійскага горнага хрыбта.
Вярнуўшыся з вернымі легіёнамі ў Рым і атрымаўшы перамогу ў грамадзянскай вайне, Юлій Цэзар быў абвешчаны пажыццёвым дыктатарам (гэтую пасаду ў Рыме займаў палкаводзец з неабмежаванай уладай, але гэта традыцыйна адбывалася ў перыяд вайны, а не міру). Адначасова ён атрымаў пасады консула, народнага трыбуна, цэнзара і вярхоўнага жраца. Прыхільнікі рэспублікі ў сенаце палічылі гэта знішчэннем каштоўнасцяў рэспубліканскага кіравання. У выніку змовы ў 44 г. да н. э. Цэзар быў забіты.
Аднак рэспубліканскі лад не быў адноўлены. Ва ўмовах пастаянных канфліктаў палкаводцаў толькі моцная цэнтралізаваная ўлада магла вярнуць стабільнасць дзяржаве. Да ўлады прыйшоў усыноўлены Цэзарам Актавіян. Менавіта Актавіян, які атрымаў у 27 г. да н. э. тытул-імя Аўгуст, канчаткова ўсталяваў манархію ў Рыме.
Актавіян абвясціў, што хоча захаваць рэспубліку, і адмовіўся стаць пажыццёвым дыктатарам. Ён узяў тытул імператара як галоўнакамандуючы рымскай арміяй. І з гэтага часу правіцелі Рыма таксама насілі гэты тытул, таму рымскую дзяржаву з часоў Актавіяна Аўгуста гісторыкі называюць імперыяй.
Але знешне дзяржаўны лад амаль не змяніўся, і рымляне працягвалі называць Рым рэспублікай. Дзейнічаў сенат, выбіраліся магістраты, якія затым папаўнялі сенат. І рымляне не адразу зразумелі, што насамрэч іх дзяржава ператварылася ў манархію, а яны — у падданых імператара.
Для рымлян было непрымальным падпарадкаванне масы бяспраўных падданых адзінаўладным валадарам з іх вялізным апаратам нікім не выбраных чыноўнікаў, як у манархіях Усходу. Як і грэкі, яны называлі гэтых людзей варварамі. Актавіян не дазваляў называць яго царом або гаспадаром. Важнай для яго была пасада першага сенатара (прынцэпса), якая давала яму права выступаць першым у сенаце. У выпадку адхілення яго прапаноў Аўгуст мог скарыстаць права «вета», паколькі яго выбралі пажыццёва народным трыбунам. Фактычна рашэнні сената прымаліся па ўказанні імператара-прынцэпса. А пасля яго смерці перасталі склікацца народныя сходы, прыняцце законаў і выбары магістратаў пачалі ажыццяўляцца ў сенаце.
Пярэчыць імператару было немагчыма, таму што ён камандаваў прафесійнай арміяй — яго галоўнай апорай. Аўгуст і наступныя імператары стварылі свой апарат чыноўнікаў, які дзейнічаў паралельна з магістратамі. Імператар сам назначаў чыноўнікаў з ліку самых адданых яму людзей, іх ніхто не выбіраў. Чыноўнікі кіравалі асобнай імператарскай казной, самымі багатымі правінцыямі, былі памочнікамі імператара ў кіраванні дзяржавай. Амаль тры стагоддзі імператарская адміністрацыя дзейнічала паралельна з выбарнымі ў сенаце магістратамі.
У 212 г. да н. э. амаль усё свабоднае насельніцтва Рымскай імперыі атрымала правы рымскіх грамадзян. Але насамрэч галоўных грамадзянскіх правоў яны былі пазбаўлены. Не яны, а сенат на чале з прынцэпсам-імператарам прымаў законы, у сенаце ж выбіралі і магістратаў, уплыў якіх на кіраванне дзяржавай няўхільна змяншаўся. А сенат фарміраваўся па волі імператара.
Супраціўляцца гэтаму было немагчыма: рымская армія стала не апалчэннем узброеных грамадзян, а наёмным прафесійным войскам, падпарадкаваным імператару і залежным ад яго. Так паступова грамадзяне Рыма ператвараліся ў падданых імператара.
У канцы I ст. да н. э. — I ст. н. э. Рымская імперыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Яе межы распасціраліся ад берагоў Атлантычнага акіяна да Егіпта і Арменіі, ад паўнаводных рэк Рэйна і Дуная ў Еўропе да пустыні Сахара ў Афрыцы. На тэрыторыі імперыі пражывала, па падліках сучасных гісторыкаў, больш за 40 млн чалавек. Але агрэсіўная моц Рыма слабела, патрабавалася ўсё больш рэсурсаў і сіл, каб утрымаць у падпарадкаванні вялізныя масы насельніцтва і тэрыторыі. Кіраванне імператараў II ст. н. э. было названа «залатым векам»: пасля Рымская імперыя адмовілася ад новых заваёў, галоўным клопатам яе правіцеляў стала абарона рубяжоў імперыі.
III ст. было стагоддзем бурных узрушэнняў. На Рымскую імперыю абрынуліся плямёны варвараў, у асноўным германцаў. Яна знаходзілася на мяжы краху, але здолела ўстояць. У канцы III ст. яе адзінства было адноўлена імператарам Дыяклетыянам. Ён адкінуў шырму рэспубліканскіх устаноў, і манархічны лад Рыма больш нічым не маскіраваўся. Усімі дзяржаўнымі справамі кіраваў імператар, абапіраючыся на вялізны штат чыноўнікаў сваёй адміністрацыі. Імператара з гэтага часу адкрыта называлі «гаспадаром», перад ім падалі на калені.
У Рымскай імперыі была шырока распаўсюджана найцяжэйшая эксплуатацыя рабоў і насельніцтва правінцый, створаных у ходзе заваяванняў. Менавіта захоп новых рабоў быў адной з прычын пастаянных заваёўніцкіх войнаў нароўні з захопам зямлі і крыніц сыравіны. У значнай меры рымская эканоміка цяпер будавалася на выкарыстанні працы рабоў. Але ўсё часцей армія цярпела паражэнні ў баях на граніцы, з цяжкасцю стрымлівала націск ваяўнічых варвараў-германцаў у Еўропе і шматлікіх іранцаў на Блізкім Усходзе. Кіраваць велізарнай краінай стала немагчыма. У 395 г. адбыўся падзел на Заходнюю і Усходнюю Рымскую імперыю. А пагроза варожага ўварвання павялічылася, пад націскам гунаў з усходу набліжалася агромністая хваля варварскіх народаў. Асноўная яе сіла абрынулася на Заходнюю Рымскую імперыю, якая ў 476 г. спыніла сваё існаванне.
Старажытны Рым прайшоў шлях развіцця ад невялікага горада-дзяржавы да найвялікшай імперыі старажытнасці. Дзяржаўны лад Рыма грунтаваўся на ідэалах грамадзянскасці: кожны грамадзянін меў правы і абавязкі перад грамадствам і дзяржавай. Ён стаў узорам для многіх пазнейшых дзяржаў аж да нашага часу. Рымская імперыя была самай магутнай дзяржавай старажытнасці і распаўсюдзіла ўплыў на палову тэрыторыі Еўропы, увесь Блізкі Усход і Паўночную Афрыку. У ёй была створана развітая эканамічная сістэма, былі наладжаны цесныя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі, што давала магчымасць пракарміць шматмільённае насельніцтва. Але асновай росквіту Рыма была эксплуатацыя працы шматлікіх рабоў і бяспраўнага насельніцтва рымскіх правінцый.