§ 6. Старажытны Рым

4. Пачатак шырокай ваеннай экспансіі і стварэнне прафесійнай арміі. Крызіс рэспубліканскай сістэмы

Каля сярэдзіны III ст. да н. э. Рым пачаў экспансію за межамі Апенінскага паўвострава. Там магутнасць Рыма, што ўсё ўзрастала, сутыкнулася з інтарэсамі вядучых дзяржаў Міжземнамор’я.

На 120 гадоў расцягнулася супрацьстаянне Рыма і Карфагена, магутнага горада-­дзяржавы, заснаванага фінікійцамі ў Паўночнай Афрыцы, які ўжо здолеў падпарадкаваць многія тэрыторыі Заходняга Міжземнамор’я. На працягу трох Пунічных вой­наў (264–146 гг. да н. э.) фартуна не раз адварочвалася ад рымлян і карфагеняне пагражалі захапіць Рым. Але Карфаген усё ж такі быў разгромлены.

Да канца II ст. да н. э. Рым падпарадкаваў сабе Македонію, Грэцыю, Іспанію, з’явілася і рымская правінцыя ў Малой Азіі. Цяпер Рым стаў гегемонам усяго Міжземнамор’я.

З аднаго боку, пераможныя вой­ны садзейнічалі хуткаму эканамічнаму развіццю Рыма і абагачэнню часткі яго грамадзян. У Рым паступалі тавары з усяго Міжземнамор’я, гандаль і рамяство квітнелі. Прыток рабоў даў магчымасць выкарыстоўваць новыя працоўныя рукі ў земляробстве.

З іншага боку, вой­ны вельмі цяжка адбіліся на небагатых рымскіх грамадзянах. Уладальнікі невялікіх зямельных участкаў, якія служылі ў арміі, апыналіся ў даўгах і хутка разараліся за гады вайны. Гэта выклікала сацыяльныя канфлікты, а ў хуткім часе магло знішчыць рымскую армію.

Унутраны крызіс быў вырашаны ў ходзе пераўтварэнняў у арміі. Паколькі вярнуць землеўладальнікам іх надзелы было немагчыма, можна было збяднелых грамадзян прызваць на ваенную службу. У 107 г. да н. э. гэта зрабіў рымскі палкаводзец Гай Марый. Ён пачаў набіраць грамадзян у легіёны на працяглую службу, нават калі яны ўжо не валодалі зямлёй. Бедната пачала масава запісвацца ў легіёны, не маючы ніякіх спадзяванняў наладзіць жыццё ў самім Рыме. Зброю і ўсё неабходнае легіянер цяпер атрымліваў ад дзяржавы. Служба стала шматгадовай, так што армію таго часу можна ўжо назваць прафесійнай. Аплату легіянеры атрымлівалі ад палкаводца, таму цяпер былі зацікаўлены ў яго перамогах. Пасля заканчэння службы ім абяцалі атрыманне зямельных надзелаў, але не ў Італіі, а на заваяваных землях. Такім чынам, армія стала залежаць ад удачлівых вое­начальнікаў. Гэтая рэформа на доўгія гады зрабіла рымскую армію эфектыўнай. Пры гэтым багатыя рымляне атрымлівалі магчымасць не служыць у арміі. Аднак падрывалася адна з асноў рымскай цывітас — ​абавязак кожнага грамадзяніна быць воінам.

У новых умовах паспяховыя палкаводцы маглі паспрабаваць выкарыстаць свае легіёны ў палітычнай барацьбе за ўладу ў Рыме. Гэтая новая палітычная рэальнасць праявілася вельмі хутка, калі ў 83 г. да н. э. пачалася грамадзянская вайна, якая паклала пачатак цэлай серыі такіх сутыкненняў. Супраць аўтарытэту Гая Марыя выступіў іншы палкаводзец — ​Карнэлій Сула. Грамадзянскія вой­ны і ўнутраная барацьба ў Рыме суправаджаліся змовамі, тэрорам, канфіскацыямі маёмасці. Усё гэта падрывала рэспубліканскі лад.