§ 6. Старажытны Рым

3. Рымская рэспубліка

Рэспубліка — ​«Res publica Populi Romani», або «грамадская справа рымскага народа» — ​такую назву атрымала дзяржава рымлян. Форму дзяржаўнага кіравання, пры якой грамадзяне валодаюць наборам найважнейшых палітычных правоў і выбіраюць органы кіравання дзяржавай, на ўзор Рыма называюць рэспублікай дагэтуль.

Вышэйшым дзяржаўным і заканадаўчым органам Рыма быў народны сход. На народных сходах выбіраліся службовыя асобы, якія ажыццяўлялі выканаўчую і судовую ўладу (магістраты). Аднак сходы не мелі заканадаўчай ініцыятывы, праекты законаў прапаноўваліся не прысутнымі грамадзянамі, а магістратамі і сенатам.

Вышэйшымі магістратамі Рыма былі консулы. Гэта была пасада калегіяльная (два консулы) і кароткатэрміновая (консулы выбіраліся на адзін год). Консулы былі галоўнакамандуючымі рымскай арміяй, якая ўяўляла сабой апалчэнне грамадзян-­воінаў, склікалі народныя сходы, прапаноўвалі законы. На народных сходах выбіраліся таксама прэтары (у веданні якіх былі судовыя справы), квестары (скарбнікі), цэнзары (якія праводзілі цэнзы) і іншыя магістраты.

Надзвычайнай магістратурай была пасада дыктатара. Дыктатар звычайна назначаўся сенатам у выпадку ўзнікнення вялікай небяспекі для Рыма. Ён атрымліваў усю паўнату ўлады. Яго паўнамоцтвы абмяжоўваліся паўгадавым тэрмінам, на працягу якога ён павінен быў ліквідаваць небяспеку, што навісла над Рымам, каб затым пайсці з пасады.

Асаблівая роля ў палітычным ладзе Рымскай рэспублікі належала сенату. Ён фарміраваўся з былых магістратаў (тых, у каго скончыўся тэрмін паўнамоцтваў). Гэты орган ператварыўся ў Рыме фактычна ва ўрад, які забяспечваў пастаянства і пераемнасць унутранай і знешняй палітыкі. Сенат таксама кантраляваў дзяржаўную казну.

У першыя два стагоддзі існавання Рымскай рэспублікі ў ёй разгарнулася барацьба паміж плебеямі і патрыцыямі. Плебеі патрабавалі роўных з патрыцыямі правоў на заваяваныя землі, адмены даўгоў і даўгавога рабства, права выбірацца магістратамі (паколькі консулы і іншыя магістраты выбіраліся толькі з патрыцыяў і толькі з іх фарміраваўся сенат).

Гэтая барацьба была не такая вострая і крывавая, як у Старажытнай Грэцыі (Рым не ведаў і тыраніі), але яна аказалася доўгай. На працягу V–IV стст. да н. э. плебеі дабіліся выканання сваіх галоўных патрабаванняў. Была заснавана і асаблівая магістратура народнага трыбуна (абаронцы плебеяў). Адсутнасць вострых формаў барацьбы ўнутры рымскага грамадства, яго мілітарызацыя (рымскія грамадзяне былі ўмелымі і дасведчанымі воінамі), адмысловая дыпламатыя з’яўляліся асноўнымі прычынамі поспеху Рыма ў вой­нах з суседзямі. Ужо тады рымляне ў сваёй знешняй палітыцы кіраваліся прынцыпам «раздзяляй і ўладар». Яны стараліся не дапусціць аб’яднання сваіх праціўнікаў у вой­нах. Той жа прынцып рымляне ажыццяўлялі і на скораных імі тэрыторыях. Пераможаным яны давалі розныя правы, каб у тых было як мага менш агульных інтарэсаў. Поўнымі правамі валодалі толькі грамадзяне Рыма.

Пасля працяглых вой­наў, якія Рым вёў у V–III стст. да н. э. з рознымі плямёнамі, яму ўдалося падпарадкаваць практычна ўвесь паўвостраў.