§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.
6. Жывапіс
У другой палове XIX ст. пераважным напрамкам у выяўленчым мастацтве Беларусі стаў рэалізм.
Майстрам бытавога жанру і адным з першых беларускіх мазаістаў быў Н. Сілівановіч. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адзінае палатно мастака — «Салдат з хлопчыкам». У пачатку 1870-х гг. Н. Сілівановіч як той, хто меў вопыт па афармленні храмаў, быў запрошаны Акадэміяй мастацтваў для працы па роспісу Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаіку «Тайная вячэра» для галоўнага іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу ў 1876 г. яму было прысвоена званне акадэміка жывапісу.
У канцы XIX ст. у Віцебску прыватную мастацкую школу жывапісу заснаваў Ю. Пэн. Ім была створана цэлая серыя работ, у якіх па-майстэрску адлюстраваны нацыянальныя рысы і побыт яўрэйскага народа: «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Жабрак» і інш.
Прызнаным майстрам гістарычнага жанру з'яўляецца К. Альхімовіч. У яго ранніх творах "Пахаванне Гедыміна", "Пасля бітвы" шырока і шматгранна адлюстраваліся гісторыя і перажыванні беларускага народа. Пад уплывам ссылкі за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гг. ён напісаў працы «Смерць у выгнанні», «На этапе», якія з асаблівым псіхалагізмам перадаюць лёс ссыльных паўстанцаў.
Н. Орда (1807—1883) падчас сваіх падарожжаў па Беларусі стварыў каля 200 замалёвак айчынных замкаў, палацаў і храмаў, частка з якіх не захавалася. На сваіх малюнках мастак адлюстраваў беларускія краявіды і аблічча вёсак таго часу. У яго творах архітэктурныя шэдэўры арганічна аб'яднаны з прыродным асяроддзем. Асаблівую ўвагу Н. Орда надаваў мясцінам, звязаным з жыццём знакамітых суайчыннікаў.
Майстрам беларускага пейзажу і заснавальнікам рэалістычнага партрэтнага жывапісу з'яўляецца мастак А. Гараўскі. Матывы роднага краю ён захаваў у працах «На радзіме», «Бераг ракі Свіслачы», «Вечар у Мінскай губерні».
Прызнаным майстрам лірычнага пейзажу стаў В. Бялыніцкі-Біруля. Ён вучыўся жывапісу ў Маскоўскім вучылішчы ў рускіх мастакоў К. Каровіна, В. Паленава, І. Пранішнікава, захапляўся жывапісам І. Левітана. Любімым чынам для В. Бялыніцкага-Бірулі стала вясна, якой ён прысвяціў каля 200 карцін. У 1908 г. мастак атрымаў званне акадэміка жывапісу.