§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.
5. Тэатр і музыка
У тэатральным і музычным жыцці другой паловы XIX ст. вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы. У іх складзе былі вядомыя акцёры В. Камісаржэўская, А. Яблачкіна. Пад уплывам гастроляў гэтых тэатральных калектываў у гарадах і мястэчках былі створаны тэатральныя гурткі. Яны ставілі п'есы па творах А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Горкага.
Вядучым драматургам у 1840—1850-я гг. быў В. Дунін-Марцінкевіч. У 1852 г. па яго ініцыятыве была створана першая нацыянальная тэатральная група з 20 чалавек. У тым жа годзе на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм'ера першай беларускай оперы «Сялянка» на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, у якой выканаўцам галоўнай ролі Навума Прыгаворкі выступіў сам В. Дунін-Марцінкевіч. Прэм'ера прайшла з велізарным поспехам. Опера неаднаразова ставілася ў Мінску, Бабруйску, Слуцку.
Пасля паўстання 1863—1864 гг. тэатральны гурток быў забаронены, а В. Дунін-Марцінкевіч арыштаваны. Пасля вызвалення ў студзені 1865 г. і аж да 1870 г. ён знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам. У той перыяд у драматурга з'явіліся п'есы «Пінская шляхта» і «Валакіцтва». Аднак гэтыя творы былі надрукаваныя толькі ў 1918 г.
Музычнае мастацтва другой паловы XIX ст. развівалася ў двух кірунках: прафесійным і народным. Прафесійны кірунак быў прадстаўлена ў мастацкіх салонах і на канцэртах. У дваранскіх маёнтках працягвалі існаваць прыгонныя аркестры і капэлы — традыцыя, якая захавалася яшчэ з XVIII ст. Народны кірунак захоўваўся і ўзбагачаўся народнымі музы́камі. У той перыяд ажывілася цікавасць да народнай музыкі. Збіральнікі беларускіх народных песень, распеваў запісвалі іх і вывучалі манеру выканання. Беларускія матывы народных песень сустракаюцца ў творчасці С. Манюшкі.