§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.
3. Станаўленне беларусазнаўства
У XIX ст. адбывалася станаўленне навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ — беларусазнаўства. Ля яго вытокаў стаялі выбітныя навукоўцы і даследчыкі, якім была неабыякавая гісторыя роднага краю і народа. Адным з першых даследчыкаў гісторыі Беларусі, яе вуснай народнай творчасці і мовы стаў аўтар нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П. Шпілеўскі. Заснавальнікам беларускай археалогіі, этнографам, адным з першых славянскіх вучоных звярнуўся да духоўнай культуры простага народа як да гістарычнай крыніцы, быў З. Даленга-Хадакоўскі. Актыўным збіральнікам і даследчыкам беларускага фальклору быў Я. Чачот. У 1837—1846 гг. У Вільні ён выдаў шэсць тамоў беларускіх народных песень «Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны». У сваіх творах аўтар імкнуўся не толькі захаваць унікальныя праявы духоўнай культуры для будучых пакаленняў, але і скласці навуковае апісанне беларускай мовы.
Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабіў Т. Нарбут — гісторык, І. Грыгаровіч — збіральнік і выдавец «Беларускага архіва старажытных грамат», І. Насовіч — гісторык і мовазнаўца, складальнік «Слоўніка беларускай гаворкі». Па ініцыятыве братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў у 1842 г. у Лагойску быў створаны першы ў Беларусі гістарычны музей, а ў 1855 г. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей. Адным з заснавальнікаў беларусазнаўства быў археолаг, этнограф, гісторык, літаратар А. Кіркор. Калекцыю сваіх археалагічных знаходак, выяўленых у выніку раскопак каля тысячы курганоў, ён перадаў Віленскаму музею старажытнасцей. У 1882 г. А. Кіркор падрыхтаваў асобны том для шматтомнага выдання «Жывапісная Расія», прысвечаны беларуска-літоўскаму краю.
У другой палове XIX ст. актывізавалася вывучэнне гісторыі, мовы і культуры беларускага народа расійскімі навукоўцамі і даследчыкамі. Цэнтрам вывучэння беларускіх губерняў у 1867—1915 гг. стала Паўночна-Заходняе аддзяленне імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (Вільня). Яго супрацоўнікамі былі этнографы П. Шэйн, Е. Раманаў і інш. У 1870 г. у Пецярбургу І. Насовіч выдаў «Слоўнік беларускай гаворкі», які ўключаў больш за 30 тыс. слоў жывой беларускай мовы з разгорнутымі аўтарскімі каментарамі.
Для вывучэння гісторыі Віцебскага краю шмат зрабіў гісторык і краязнавец А. Сапуноў. У 80-я гг. XIX ст. ён выдаў тры тамы архіўных дакументаў «Віцебская старына».
У другой палове 1880-х гг. з ідэяй аб самабытнасці беларускага этнасу і яго праве на самастойную палітычную будучыню выступіў гісторык М. Доўнар-Запольскі.