§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.
2. Сістэма адукацыі
Згодна з рэформай адукацыі, якая пачалася ў 1864 г., большасць навучальных устаноў перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай. Аднак у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ. Да канца XIX ст. у Беларусі дзейнічалі «Часовыя правілы для народных школ», распрацаваныя і зацверджаныя ў 1863 г. віленскім генерал-губернатарам М. М. Мураўёвым.
Развівалася сістэма прафесійнай адукацыі. Адкрываліся рамесныя, гандлёвыя, чыгуначныя, медыцынскія, музычныя, мастацкія навучальныя ўстановы. У 1864 г. у Маладзечне была адкрыта першая ў Расійскай імперыі настаўніцкая семінарыя, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ.
Рэалізацыя школьнай рэформы супала па часе з паўстаннем 1863–1864 гг. і ўзмацненнем курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні ў 1864 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут і шэраг іншых навучальных устаноў. Атрымаць вышэйшую адукацыю выхадцы з беларускіх губерняў маглі толькі па‑за іх межамі.
Такім чынам, падчас школьных рэформ XIX ст. у Беларусі пашырылася сетка свецкіх агульнаадукацыйных школ і павялічылася колькасць навучэнцаў у іх. Разам з тым пераважная большасць насельніцтва, перш за ўсё сялянства, заставалася непісьменным. Паводле перапісу 1897 г. агульная колькасць пісьменных у Расійскай імперыі складала толькі 25,7 %.