§ 24–1. Культура Беларусі ў першай палове XIX ст.
4. Класіцызм у архітэктуры
У архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX ст. панаваў класіцызм. Гэтаму стылю былі ўласцівы дакладнасць планіроўкі, манументальнасць форм, выкарыстанне антычнай ордарнай сістэмы. Першыя будынкі ў стылі класіцызму з'явіліся ў буйных гарадах (прысутныя месцы, навучальныя ўстановы, палацы губернатараў), а таксама ў маёнтках рускіх дваран, якія атрымалі землі ў Беларусі ад царскага ўрада. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца паштовы дом у Полацку, вучэбны корпус Магілёўскай семінарыі, галоўны корпус сельскагаспадарчага інстытута ў Горках.
У гэты час былі створаны палацава-сядзібныя комплексы, якія здзіўлялі сваёй пышнасцю і багаццем. Будаваліся яны ў парках з мноствам цяністых алей, гротаў, масткоў, альтанак і павільёнаў. Тыповымі будынкамі беларускага класіцызму былі Гомельскі палац-сядзіба П. А. Румянцава-Задунайскага (1785), Жыліцкі палац (Кіраўскі раён; 1830-я гг.), Сноўскі палац (Нясвіжскі раён; пабудаваны ў 1827 г.).
У культавым будаўніцтве прыярытэты аддаваліся праваслаўным храмам: царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Дубае Пінскага раёна (1811 г.), Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі (1809—1811 гг.). Але ў стылі класіцызму ўзводзіліся і каталіцкія храмы — Іосіфаўскі касцёл езуітаў у Лідзе (1787—1825 гг.), касцёл Святой Тэрэзы ў Шчучыне (1829 г.).
У развіццё архітэктуры Беларусі ў той перыяд свой уклад зрабілі рускія архітэктары М. А. Львоў, В. П. Стасаў. Па праекце архітэктара М. А. Львова быў пабудаваны Іосіфаўскі сабор у Магілёве. Ён быў упрыгожаны жывапісам, створаным беларускімі майстрамі пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле рускага мастака У. Л. Баравікоўскага, майстра партрэтнага жывапісу. У 1930-я гг. Іосіфаўскі сабор быў разбураны. Сёння вядуцца работы па яго аднаўленні.
Такім чынам, у складаных і супярэчлівых умовах беларускі народ здолеў захаваць этнічны воблік, сфарміраваць і развіць нацыянальную культуру, якая выявілася ў станаўленні беларускай мовы, новай беларускай літаратуры і мастацтва.