§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.
6. Змены ў рэлігійным жыцці ў пачатку XX ст. Свабода веравызнання
Да пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі дзяржава ажыццяўляла ўмяшанне ва ўнутранае жыццё канфесій, не прызнавала права асобы на рэлігійнае самавызначэнне.
Адмысловымі відамі дзяржаўнага злачынства з'яўляліся адцягненне з праваслаўя ў іншую веру, перашкода выхаванню дзяцей у праваслаўнай або хрысціянскай веры, распаўсюджванне ерасяў і расколаў. Да вінаватых у гэтых злачынствах прымянялася цэлая сістэма карных мер, аж да катаргі і ссылкі ў Сібір. Стан, калі чалавек мог знаходзіцца па-за канфесійным веравызнаннем, дзяржавай наогул не прызнаваўся.
Нягледзячы на пэўныя абмежаванні ў канфесійным жыцці, у Расійскай імперыі былі элементы свабоды веравызнання. Прызнаныя законам неправаслаўныя рэлігійныя супольнасці мелі права на свабоду вызнання сваёй веры і публічнае правядзенне набажэнстваў. Верацярпімасць выяўлялася ў роўнасці прызнаных рэлігійных канфесій перад законам. Непрызнаныя рэлігійныя абшчыны заканадаўствам ігнараваліся і таму не мелі ніякіх правоў.
Праблема рэфармавання дзяржаўна-царкоўных адносін на аснове прынцыпу свабоды сумлення актыўна абмяркоўвалася ў канцы XIX — пачатку XX ст. расійскай грамадскасцю і прыцягвала пільную ўвагу кіруючых колаў.
Пытанне аб пашырэнні свабоды веравызнання было для ўлады справай няпростай, паколькі было звязана з пытаннем аб змяненні прававога статусу Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), якая стала за два стагоддзі важнай часткай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Змена прынцыпаў кіравання РПЦ і ўвядзенне свабоды сумлення маглі пацягнуць за сабой «ланцуговую рэакцыю» — рэфармаванне іншых звёнаў палітычнай сістэмы дзяржавы. Усё гэта ўяўляла небяспеку для самадзяржаўя.
Тым не менш 17 красавіка 1905 г. Мікалаем II быў падпісаны Указ «Аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці». У дакуменце абвяшчаліся: свабода выбару веры ў рамках хрысціянскіх вызнанняў; права мужа і жонкі, якія пераходзяць з аднаго хрысціянскага веравызнання ў іншае, вызначаць рэлігійную прыналежнасць сваіх дзяцей, што не дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту; права пераходу праваслаўных у нехрысціянскую веру, калі да далучэння да праваслаўя яны або іх продкі вызнавалі яе.
Неправаслаўныя канфесіі атрымалі большую свабоду для сваёй дзейнасці. Праваслаўе заставалася ў Расійскай імперыі «першасным і пануючым», але любому чалавеку дазвалялася бесперашкодна пераходзіць у іншую веру. Такая палітыка дазволіла актывізаваць сваю дзейнасць на беларускіх землях не толькі католікам і стараабрадцам, але і пратэстанцкім суполкам.
Такім чынам, канфесійная сітуацыя на беларускіх землях у XIX ст. характарызавалася ўзмацненнем ролі Рускай праваслаўнай царквы, скасаваннем уніяцтва, абмежаваннем уплыву каталіцтва, а ў пачатку ХХ ст. — стварэннем пэўных умоў для распаўсюджвання свабоды веравызнання.