§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.

5. Палітыка Расійскай імперыі па рэлігійным пытанні пасля паўстання 1863—1864 гг.

Значны ўплыў на канфесійную сітуацыю ў Беларусі ў другой палове XIX ст. аказала паўстанне 1863—1864 гг. Палітычныя ўзрушэнні, якія ахапілі тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі, не пакінулі ў баку ні адну з канфесій. Аднак у першую чаргу тое, што адбывалася, адбілася на становішчы двух асноўных хрысціянскіх веравызнанняў — праваслаўнага і каталіцкага, адносіны паміж якімі істотна ўскладніліся.

У асяроддзі праваслаўнага насельніцтва беларускіх губерняў, як паказвае аналіз крыніц, мэты паўстання 1863—1864 гг. успрынятыя не былі, і стаўленне асноўнай часткі вернікаў да гэтай падзеі было відавочна негатыўным. У значнай ступені гэта было абумоўлена адпаведнай пазіцыяй праваслаўнага духавенства. Яна была сфармуляваная ў прадпісанні Літоўскага мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), якое ён накіраваў духавенству епархіі яшчэ 19 снежня 1861 г. У ім асуджаліся дзеянні асоб, якія распачыналі сярод мясцовага насельніцтва антырасійскія настроі і заклікалі да барацьбы за незалежнасць Польшчы.

Святарам было загадана папярэджваць сваю паству аб недапушчальнасці якіх-небудзь кантактаў з паўстанцамі.

Заклік мітрапаліта Іосіфа Сямашкі быў пачуты і з разуменнем успрыняты праваслаўнымі вернікамі і духавенствам. Так, аб сваім негатыўным стаўленні да рэвалюцыйных падзей заявілі выхаванцы Літоўскай духоўнай семінарыі. Сам факт звароту да іх паўстанцаў (15 чэрвеня 1863 г. у семінарыі была распаўсюджаная пракламацыя з заклікам аказаць садзейнічанне паўстанню) семінарысты расцанілі як вялікую крыўду для сябе і ў знак пратэсту вырашылі не ўжываць польскую мову ў размовах адзін з адным. Неўзабаве на старонках «Літоўскіх епархіяльных ведамасцей» былі надрукаваныя некаторыя з адказаў семінарыстаў на пракламацыю. У іх гаварылася пра тое, што праваслаўнае духавенства не пойдзе на здраду і захавае сваю адданасць цару, праваслаўнай веры і рускай праваслаўнай дзяржаве.

Не назіралася сімпатый да паўстагцаў і сярод праваслаўных вернікаў. Нават былыя ўніяты, якія падвергліся паланізацыі і акаталічванню, паводзілі сябе пасіўна, аддаючы перавагу неўмяшальніцтву ў палітычныя падзеі. У шэрагу рэгіёнаў Беларусі (Магілёўская, Віцебская губерні, шэраг населеных пунктаў Мінскай) былі адзначаны выпадкі варожага стаўлення да паўстанцаў, мясцовае сялянскае праваслаўнае насельніцтва аказвала дапамогу ўладам, войскам і паліцыі ў барацьбе з паўстанцамі.

У адрозненне ад праваслаўнага каталіцкае насельніцтва паставілася да мэт паўстання больш спачувальна, а значная яго частка прыняла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні паўстання. Асабліва прыкметную ролю ў гэтых падзеях адыграла каталіцкае духавенства. «Рымска-каталіцкае духавенства, — адзначаў генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю М. Мураўёў, — распальваючы спачатку народныя запал і таемна садзейнічаючы мяцяжу, адважылася нарэшце стаць адкрыта на чале паўстання; рымска-каталіцкія манастыры, затуляючыся недаступнасцю для свецкага кантролю, зрабіліся цэнтрам рэвалюцыйнай арганізацыі і прапаганды».

Аналіз шматлікіх крыніц паказвае, што каталіцкае духавенства і польскае дваранства, якія не пакідалі надзей на адраджэнне польскай дзяржаўнасці і марылі аб аднаўленні свайго былога ўплыву, прынялі непасрэдны ўдзел як у падрыхтоўцы, так і ў правядзенні паўстання 1863—1864 гг. У рознай ступені ў ім былі задзейнічаны ўсе іерархічныя структуры каталіцкага касцёла: біскупы, святары, дыяканы, царкоўныя служкі і манахі.

Прадстаўнікі іншых веравызнанняў апынуліся ў меншай ступені задзейнічанымі ў паўстанні. Аднак іх стаўленне да яго не было зусім абыякавым. Напрыклад, стараверы, нягледзячы на складаныя ўзаемаадносіны з царскімі ўладамі і праваслаўнай царквой, заявілі аб сваёй адданасці «праўдзіва рускаму духу».

Некалькі іншым было стаўленне да гэтай падзеі мусульманскага насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў. У цэлым яно захоўвала нейтралітэт, аднак асобныя «магамецяне» спачувалі паўстанцам, але актыўных дзеянняў не рабілі.

Асаблівую пазіцыю падчас падзей 1863—1864 гг. занялі яўрэі, што вызнавалі іўдаізм, і іх духоўныя настаўнікі. Каб схіліць іх на свой бок, паўсталыя адразу ж пасля пачатку паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі выпусцілі пракламацыю на польскай і яўрэйскай мовах. У ёй гаварылася: «Калі мы з дапамогай Усявышняга вызвалім краіну ад маскоўскага прыгнёту, мы разам будзем радавацца свету. Вы і вашыя дзеці будзеце карыстацца ўсімі грамадзянскімі правамі, без абмежаванняў, бо народны ўрад не будзе пытацца аб веры і паходжанні, а толькі аб месцы нараджэння». Гэтыя абяцанні прыцягвалі ў шэрагі паўстанцаў яўрэйскую моладзь, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Аднак, у адрозненне ад яўрэйскага насельніцтва Польшчы, беларускія іўдзеі, за рэдкім выключэннем (распаўсюджванне сярод сялян заклікаў ксяндзоў, паведамленне паўстанцам аб руху расійскіх войск і продаж ім зброі), не прымалі ўдзелу ў паўстанні і нават не спачувалі паўстанцам. У шэрагу месцаў былі адзначаны выпадкі, калі яўрэі дапамагалі царскім войскам і паліцыі ў затрыманні паўстанцаў.

Што тычыцца пратэстантаў (лютэран і рэфармістаў), то звестак аб іх шырокім удзеле ў падзеях тых гадоў няма. Яны ў цэлым захоўвалі нейтралітэт. Выключэннем, мабыць, была рэакцыя выкладчыкаў і навучэнцаў Слуцкай евангелісцка-рэфармісцкай гімназіі. Выхаваныя ў польскім духу, амаль усе навучэнцы старэйшых класаў гімназіі не толькі спачувальна паставіліся да паўстання, але і прынялі непасрэдны ўдзел у ім.

Паўстанне 1863—1864 гг. скончылася паражэннем. Адным з галоўных яго вынікаў стала істотнае змяненне канфесійнай палітыкі расійскага ўрада і з прычыны гэтага становішча веравызнанняў. Актыўны ўдзел і падтрымка паўстання з боку пэўнай часткі каталіцкага насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў выклікалі адпаведную рэакцыю ўлад.

«...Каталіцкая вера таго краю не вера, а палітычная ерась, — заяўляў у сваёй справаздачы генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю М. Мураўёў, — рымска-каталіцкія біскупы, ксяндзы і манахі не складаюць духавенства, а палітычных эмісараў, якія прапаведуюць варожасць да рускага ўрада і да ўсяго, што толькі носіць назву рускага і праваслаўнага». Мураўёў і К. П. фон Каўфман, які змяніў яго ў 1865 г. на пасадзе віленскага генерал-губернатара, пачалі прымаць актыўныя меры па недапушчэнні выкарыстання касцёла ў палітычных мэтах.

Былі ўжытыя рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да каталіцкага духавенства, датычнага да паўстання. Дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сведчаць аб тым, што за ўдзел у паўстанні ў Беларусі былі падвергнуты розным відам пакарання 294 ксяндза, з іх 8 былі пакараныя, 36 сасланыя на катаржныя работы, 25 на паселішча ў Сібір, 91 — ва ўнутраныя губерні Расіі без пазбаўлення грамадзянскіх правоў, 104 падвергнутыя адміністрацыйным спагнанням. За 28 святарамі быў устаноўлены нагляд паліцыі.

Да ліку адміністрацыйных мер, накіраваных супраць каталіцкай царквы, якія ўжываліся пасля паўстання, адносілася i закрыццё касцёлаў і кляштараў. Усяго на працягу 1864—1867 гг. у заходніх губернях Расіі былі зачыненыя 34 манастыра, 128 касцёлаў, 67 капліц. З іх 140 храмаў прыходзілася на Віленскую і Гродзенскую губерні. Скасаваныя касцёлы ў большасці выпадкаў ператвараліся ў праваслаўныя цэрквы. Так, у Гродзенскай губерні з 62 скасаваных касцёлаў і капліц 55 былі перададзеныя ў праваслаўнае ведамства.

Адначасова з перадачай храмаў у вядзенне праваслаўнага духавенства прымаліся меры па вяртанні ў праваслаўе так званых «спакусіўшыхся». Пераходы католікаў у праваслаўе прынялі масавы характар. За некалькі гадоў пасля паўстання ў цэлым па Расійскай імперыі праваслаўе прынялі больш за 80 тыс. чалавек. Большая частка гэтых пераходаў прыходзілася на Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую і Мінскую губерні (67 тыс. чалавек). Часам пераходзілі цэлымі сем'ямі або нават прыходамі.

Начальнік Віленскай вучэбнай акругі І. Карнілаў паведамляў, што ў 1866—1867 гг. У Віленскай, Мінскай і іншых губернях некалькі настаяцеляў касцёлаў са сваімі вернікамі прынялі праваслаўе. Жыхары мястэчка Ляхавічы Слуцкага павета былі схільныя да праваслаўя, але чакалі, што скажа ім іх настаяцель. Апошні, спачуваючы іх думкам, звярнуўся да вернікаў, прысутных на набажэнстве, з кароткім словам, у якім сказаў між іншым: «Выслухайце кожны маё слова з увагай, так як справа ідзе пра лёс ваш і вашых дзяцей. Нагадаю час, калі вы былі падуладныя панам; калі вашыя драбкі, здабытыя цяжкай працай, належалі не вам, а пану; калі замест хлеба вы елі мякіну і жылі ў такіх халупах, куды добры гаспадар не заганяе і скаціну. Але міласэрны цар даў вам свабоду і новае жыццё, пра якое вам і ў галаву не прыходзіла. ... З некаторага часу я заўважаю ў вас схільнасць да праваслаўя і ані за гэта не ганю...». Пасля гэтай прамовы 2500 жыхароў разам са сваім настаяцелем далучыліся да праваслаўя, і іх касцёл быў звернуты ў праваслаўную царкву. І такія прыклады не былі адзінкавымі. Так, у мястэчку Мікалаеўшчына (Мінская дыяцэзія) праваслаўнымі сталі ўсе парафіяне рымска-каталіцкага веравызнання колькасцю 700 чалавек. Падобная сітуацыя склалася ў мястэчку Беніцы і горадзе Валожыне Ашмянскага павета, мястэчку Падбярэззе Віленскага павета Віленскай губерні і інш.

Сярод тых, хто перайшоў у праваслаўе, большасць складалі сяляне. Аднак нярэдка пераходзілі і прадстаўнікі шляхетных саслоўяў. У Літоўскай епархіі, напрыклад, праваслаўнымі сталі князі Радзівіл і Любецкі, памешчыкі Лапацінскі, Бялецкі, Біспінг, многія чыноўнікі, чатыры ксяндзы і г. д. Некаторыя з іх спадзяваліся такім чынам атрымаць розныя правы і прывілеі эканамічнага характару. Аднак былі сярод іх і тыя, хто пераходзіў у сілу сваіх перакананняў. Такім прыкладам з'яўляецца пераход з каталіцтва ў праваслаўе князя А. Друцкага-Любецкага, спадчынніка заснавальніка Луцкага братэрства.

Яшчэ адным мерапрыемствам ўрада па частцы дэпаланізацыі Паўночна-Заходняга краю стаў перавод чыноўнікаў-католікаў з Беларусі ва ўнутраныя губерні Расіі. Пасля ўціхамірвання паўстання па ініцыятыве М. Мураўёва, санкцыянаванай Заходнім камітэтам і зацверджанай імператарам Аляксандрам II, вырашана было цалкам ачысціць усе мясцовыя дзяржаўныя ўстановы і навучальныя ўстановы рэгіёна ад католікаў. Мясцовыя чыноўнікі-католікі замяняліся выхадцамі іншых рэгіёнаў імперыі. Для праверкі іх поўнай добранадзейнасці патрабавалася падаваць генерал-губернатару ўсе звесткі не толькі пра іх, але і пра членаў іх сем'яў, асабліва аб жонках, галоўным чынам аб веравызнанні апошніх. У 1865 г. гэтая праца была ў асноўным завершана.

Канфесійная палітыка расійскага ўрада пасля падаўлення паўстання ставіла сваёй мэтай не толькі паслабленне ўплыву каталіцкага касцёла, але і ўзмацненне пазіцый праваслаўнай царквы. У пэўнай меры гэтай мэты ўдалося дамагчыся. Узрасла колькасць праваслаўных храмаў, вернікаў і святароў. Павялічылася матэрыяльная падтрымка з боку ўрада.

Адразу ж пасля заканчэння паўстання генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю М. Мураўёў выступіў з цэласнай праграмай мер па ўмацаванні ў краі рускіх пачаткаў. У запісках на імя цара ад 14 мая 1864 г. і ад 5 красавіка 1865 г. ён выклаў уласныя гледжанні на сутнасць рускай палітыкі ў краі. У ліку першых мер ім было названа «ўзвышэнне і ўмацаванне праваслаўя як носьбіта рускага народнага духу». Па яго праекце падтрымка павінна была выяўляцца ў мерах па матэрыяльным забеспячэнні за кошт урада; у перадачы народнай адукацыі ў рукі духавенства; у адданні 500 тыс. на будаўніцтва праваслаўных храмаў; адкрыцці ў Вільні духоўнай акадэміі і выкліку з Расіі добранадзейных праваслаўных святароў.

Было прынята рашэнне аб матэрыяльнай падтрымцы праваслаўнага духавенства. На гэтыя мэты было выдзелена 115 тыс. руб. 25 мая 1864 г. імператар зацвердзіў прапанову Сінода аб павелічэнні асігнаванняў на выплату акладаў святарам. Іх жалаванне ў 1864 г. амаль падвоілася. Гарадскія святары сталі атрымліваць па 400 руб., а сельскія — каля 220 руб. Была аказана грашовая дапамога духоўным асобам, якія пацярпелі ад паўстання. Акрамя таго, у кожным прыходзе былі створаны царкоўныя парады, задачамі якіх сталі назіранне за ходам будаўніцтва і рамонту цэркваў, клопат аб храмах і духавенстве.

Асобныя змены адбыліся ў становішчы іншых канфесій. Так, стараабрадцам за іх пазіцыю падчас паўстання было дазволена адкрыць шэраг малітоўных дамоў, раней апячатаных. У прыватнасці, 9 верасня 1863 г. выйшаў указ «Аб адкрыцці малітоўнага дома ў в. Кублічызна». У ім гаварылася: «...Прымаючы пад увагу палітычныя падзеі і ўдзел, прыняты ў іх раскольніцкім насельніцтвам заходніх губерняў, дазволіць адкрыць малітоўны дом у вёсцы Кублічызна, не надаючы гэтаму віду ўрадавай меры».

Адбыліся важныя змены і ў расійскім заканадаўстве аб стараабрадцах. 27 чэрвеня 1863 г. выйшаў указ «Аб дазволе раскольнікам асабліва шкодных сект наймаць за сябе ў рэкруты людзей, якія не належаць да іх секты». У 1864 г. былі пашыраны грамадзянскія правы стараабрадцаў. Было дазволена адкрываць школы граматы і накіроўваць дзяцей у агульныя навучальныя ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага. Акрамя таго, стараабрадцы атрымалі правы ажыццяўлення грамадскай малітвы, выканання абрадаў, як дома, так і ў спецыяльных малітоўных дамах, на могілках і г. д. Аднак поўнай рэлігійнай свабоды яны не атрымалі.

Такім чынам, паўстанне 1863—1864 гг. аказала прыкметны ўплыў на рэлігійнае жыццё ў Беларусі. Яно абумовіла канфесійную палітыку, становішча веравызнанняў і іх узаемаадносіны ў наступны перыяд.