§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.

3. Абмежаванне ўплыву каталіцтва

Да 1830-х гг. расійскае самадзяржаўе да каталіцкай царквы ставілася досыць памяркоўна. Каталіцкая царква захавала незалежнасць у арганізацыі рэлігійнага жыцця. Царскія ўлады прытрымліваліся абавязацельстваў, якія тычыліся свабоды адпраўлення каталіцкага культу. Расійскі ўрад не забараняў дзейнасць на сваёй тэрыторыі ордэна езуітаў, дазволіўшы яму адкрыць у 1812 г. акадэмію ў Полацку.

Каталіцкае духавенства па-ранейшаму імкнулася да актыўнай ролі ў грамадстве і шырокага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Аднак у рэальнасці гэтая сфера дзейнасці для яго значна звузілася.

Урад прыняў меры па кантролі дзейнасці каталіцкага епіскапату, які пазбаўляўся права непасрэдных зносін з рымскай курыяй. Законам забаранялася абвяшчэнне папскіх пасланняў і распараджэнняў без згоды ўрада.

Пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг. адным з найважнейшых напрамкаў урадавай палітыкі стала барацьба супраць уплыву каталіцкай царквы, якая падтрымлівала паўстанцаў. Былі зачыненыя многія касцёлы і манастыры, іх землі канфіскаваныя, будаўніцтва новых храмаў забаранялася, а каталіцкія службы ў шэрагу прыходаў сталі праводзіцца на рускай мове.