§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.
1. Рэлігійная структура насельніцтва беларускіх губерняў
Да канца XVIII ст. беларускае грамадства з'яўлялася поліканфесійным. Вялікая частка шляхты вызнавала каталіцтва. Большасць беларускіх сялян (каля 3/4) належала да ўніяцкай канфесіі. На тэрыторыі Беларусі таксама пражывалі праваслаўныя, іўдзеі, мусульмане, пратэстанты, стараверы.
У XIX ст. насельніцтва беларускіх губерняў заставалася поліканфесійным. Па выніках перапісу 1897 г. праваслаўнымі прызнала сябе 70,8 % насельніцтва краю.
Другой па распаўсюджанасці рэлігіяй сярод жыхароў беларускіх зямель быў іўдаізм: яго вызнавала 14,1 % насельніцтва краю. Адной з прычын такога высокага паказчыка была рэлігійная памяркоўнасць жыхароў Беларусі ў адносінах да іншых канфесій. Выпадкі ўціску на рэлігійнай глебе сярод насельніцтва беларускіх губерняў былі рэдкай з'явай. Характэрна, што 14 % яўрэяў, якія вызнавалі іўдаізм, размаўлялі на сваёй роднай мове.
Рымска-каталіцкая царква, паводле вынікаў перапісу 1897 г., была трэцяй па колькасці вернікаў на беларускіх землях. Іх было некалькі менш, чым іўдэяў, — 13,5 %. Прыналежнасць да рымска-каталіцкай царквы ў большасці выпадкаў не была для беларусаў асновай іх самаідэнтыфікацыі з польскім этнасам. Так, у Віленскай губерні 46,1 % яе насельніцтва лічылі сябе католікамі, аднак польская мова прызнавала роднай толькі 2,8 %. У Мінскай губерні перапіс зафіксаваў 10,1 % католікаў і толькі 3 % польскамоўных.
Канфесійны склад насельніцтва беларускіх губерняў па выніках перапісу насельніцтва 1897 г. прадстаўлены на дыяграме.