§ 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.
2. Палітычныя плыні паўстанцаў
У 1862 г. для падрыхтоўкі паўстання ў Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Пераважная большасць яго членаў складала шляхта, якая ў сваёй праграме на першае месца ставіла пытанне аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Галоўную ролю ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілі буйным землеўладальнікам і вярхушцы буржуазіі, а дапаможную — сялянству. Улетку 1862 г. у Вільні быў арганізаваны Літоўскі Правінцыйны камітэт (ЛПК), які падпарадкоўваўся ЦНК. Старшынёй ЛПК стаў В. К. Каліноўскі. Большасць у Камітэце належала праваму крылу, якое ў паўстанні рабіла стаўку на збяднелую шляхту і дэмакратычныя пласты гарадскога насельніцтва.
Такім чынам, сярод удзельнікаў паўстання ўжо на пачатковым этапе барацьбы не было адзінства. Па сваіх палітычных поглядах яны падзяліліся на «чырвоных» і «белых».
Ішла актыўная падрыхтоўка да паўстання: рыхтавалася матэрыяльная база і арганізоўваліся паўстанцкія атрады. Прадстаўнікі рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні «чырвоных» В. К. Каліноўскі, Ф. Ражанскі, В. Урублеўскі выдавалі нелегальную газету «Мужыцкая праўда». На працягу 1862–1863 гг. выйшла сем яе нумароў. Стаялі задачы прыцягнуць да паўстання сялян, растлумачыць ім неабходнасць актыўных узброеных дзеянняў супраць расійскіх улад і войскаў.