§ 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.
1. Прычыны паўстання
Працягам барацьбы за адраджэнне былой Рэчы Паспалітай стала паўстанне 1863–1864 гг. яго цэнтрам сталі этнічныя польскія тэрыторыі. Грамадскі рух на беларускіх землях у гэты перыяд адчуваў моцны ўплыў польскага нацыянальна-вызваленчага руху.
Пасля адмены ў 1861 г. прыгоннага права ў Расійскай імперыі ўзмацніўся сялянскі рух. Сялянскія выступленні адбываліся таксама ў Літве і заходняй частцы Беларусі. Пазней, у 1864 г., М. М. Мураўёў пісаў цару, што сялян заходніх губерняў да ўдзелу ў паўстанні прыцягнулі не вырашаныя сялянскімі рэформамі сацыяльныя і эканамічныя праблемы.
Так, чарговы ўздым сялянскага руху ў Беларусі, які быў выкліканы барацьбой за паляпшэнне эканамічнага становішча, па часе супаў з нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, які ахапіў у 1863 г. усю Польшчу і частку беларускіх зямель.