§ 1–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове і сярэдзіне XIX ст.
2. Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі
Ідэі Французскай рэвалюцыі «Свабода, роўнасць і братэрства», ваенныя падзеі 1812 г., чаканне канстытуцыйнай рэформы ў Расіі значна паўплывалі на развіццё грамадска-палітычнага руху на беларускіх землях. Увядзенне Канстытуцыі ў Царстве Польскім у 1815 г. не адпавядала ў поўнай меры імкненню найбольш радыкальнай часткі шляхты да адраджэння былой Рэчы Паспалітай. Для дасягнення сваіх грамадскіх і нацыянальных ідэалаў шляхецкая інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь у Беларусі сталі аб’ядноўвацца ў тайныя арганізацыі.
У 1817 г. па ініцыятыве студэнтаў Віленскага ўніверсітэта А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота было створана тайнае Таварыства філаматаў («аматараў ведаў»). Сваю культурна-асветніцкую дзейнасць яны спалучалі з ідэямі барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай і з прасоўваннем такіх радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве, як адмена прыгоннага права, увядзенне канстытуцыйнай формы кіравання, адстойванне права народаў на незалежнасць.
Ідэі і погляды філаматаў падзялялі навучэнцы Свіслацкай, Беластоцкай гімназій, якія ў 1820 г. пад кіраўніцтвам М. Рукевіча ўтварылі Таварыства філарэтаў («аматараў навук»). У перыяд з 1817 па 1823 г. у Царстве Польскім і ў беларускіх губернях дзейнічала каля 50 аб’яднанняў студэнцкай моладзі.
Члены гэтых арганізацый падтрымлівалі цесныя кантакты з рускімі дваранскімі рэвалюцыянерамі-дзекабрыстамі. Пачатак дзейнасці дзекабрыстаў у Беларусі звязаны з пераводам сюды з Пецярбурга гвардзейскага палка (часці), у якім служылі члены дзекабрысцкага «Паўночнага таварыства». У 1820 г. кіраўнік гэтага таварыства Мікіта Мураўёў, знаходзячыся ў Мінску, напісаў першапачатковы варыянт праекта канстытуцыі Расійскай дзяржавы (вядомы як «мінскі варыянт»). Гэты варыянт прадугледжваў стварэнне ў Расіі канстытуцыйнай манархіі, адмену прыгоннага права («Раб, які крануўся зямлі рускай, становіцца вольным»). Паводле гэтага праекта Расія павінна была стаць федэрацыяй, што складалася б з шэрагу «дзяржаў», «абласцей» са сваімі сталіцамі. Прадугледжвалася і Заходняя дзяржава са сталіцай Вільня.
Многія афіцэры-дзекабрысты служылі ў Бабруйскай крэпасці, сярод іх — С. І. Мураўёў-Апостал і М. П. Бястужаў-Румін. Па іх ініцыятыве ў 1823 г. у Бабруйску быў распрацаваны план арышту Аляксандра I падчас агляду войска. Аднак гэты план не быў ажыццёўлены.
У снежні 1825 г. на Беласточчыне ў Літоўском асобным корпусе арганізатары тайнага «Таварыства ваенных сяброў» К. Г. Ігельстром, А. І. Вегелін, М. І. Рукевіч сарвалі цырымонію прыняцця прысягі на вернасць Мікалаю I.
Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў у 1825 г. у Пецярбургу царскі ўрад разграміў тайныя арганізацыі і ў Беларусі. Многія іх удзельнікі былі арыштаваны і сасланы ў Сібір.